Што рабіць са страхам? [+ відэа]
- Written by Павал МІЦКЕВІЧ
- Published in Хрысціянскае меркаванне
- Comments (2)
Палохаць і баяцца - гэта не ад Бога, а страх перамагае вера.
Як вядома, словы «Не бойся» паўтараюцца ў Бібліі 365 разоў - па колькасці дзён у годзе. А як не баяцца, калі з усіх бакоў палохаюць? Калі такое вакол дзеецца, калі не вядома, што будзе з табой заўтра?
Каб лягчэй было не баяцца, паспрабуем зразумець, што такое страх. А ён відавочна не ад Бога. Бацька страху, хлусні і граху ў цэлым - шатан. Так, ёсць «добры страх» - страх Гасподні, але гэта не боязь, а, хутчэй, трапятанне перад Богам, перад Яго сілай. Адсюль можа паходзіць страх грашыць, страх рабіць зло, стаць на яго бок і гэтым абразіць Бога, адысці ад Яго.
Але калі казаць пра той страх, боязь, што з'яўляюцца ў жыцці чалавека ці ўсяго грамадства, трэба цвёрда быць упэўненым, што гэта не ад Бога, і калі мы пачынаем баяцца, значыць, шатан дасягнуў сваёй мэты.
І той, хто палохае, - таксама не ад Бога. Трэба разумець, што часта людзі пачынаюць запалохваць іншых з-за таго, што баяцца самі, і так аказваюцца ў поўным палоне зла, выконваючы волю шатана.
Калі «дух страху» адольвае нас, сродак да вызвалення ёсць толькі адзін - цалкам спадзявацца на Бога і любіць Яго. «У любові няма страху - дасканалая любоў праганяе страх, бо страх звязаны з пакараннем і той, хто баіцца, не дасягнуў дасканаласці ў любові» (1 Яна 4:18).
Але што значыць - спадзявацца на Бога? Ці азначае гэта, што калі буду давяраць Богу, мяне ніколі ніхто не пакрыўдзіць, не будзе непрыемнасцяў, праблем, хвароб?
Адзіны, хто цалкам даверыў сябе Богу - гэта Ісус Хрыстос. Усе ведаем, што з Ім адбылося: арышт, суд і страшная смерць на крыжы. Але памятаем і тое, што здарылася потым: уваскрасенне і вечнае валадарства Хрыста.
Кожнаму неабходны крыж, таму што без яго не будзе ўваскрасення. Арышт, несправядлівы прысуд, катаванні і пакаранне смерцю, як і Ісуса, ці нешта іншае - кожнаму Госпад дае свой крыж. І давяраць Богу - гэта значыць сказаць у сваім сэрцы:
«Хай будзе Твая воля, усё ў тваіх руках Госпадзе, Ты мяне стварыў, Ты мяне любіш, таму лепш за ўсіх ведаеш, што мне неабходна, каб стаць шчаслівым, і які мне трэба несці для гэтага крыж. Я веру, што ні адзін з валасоў з маёй галавы не ўпадзе без Твайго ведама. А калі ў мяне адбяруць волас, руку, здароўе, грошы, жыццё, калі Ты дапускаеш гэта, - значыць так неабходна для выратавання маёй душы».
Таму, як толькі мы навучымся ўскладаць сваю веру на Бога, мы пераможам страх. Больш не будзем баяцца таго, з чым нам давядзецца сутыкацца ў жыцці.
Узгадаем, як пастушок Давід перамог волата Галіяфа адным ударам - з дапамогай Бога. І будзем памятаць, што вынік любой бітвы залежыць ад Бога, якім бы страшным і моцным не здаваўся праціўнік. Калі ён пакуль перамагае, значыць, гэты час барацьбы неабходны нам. Але ён можа скончыцца ў любую секунду - па волі Бога. Канчатковая перамога - заўсёды за дабром.
«Не бойся, бо Я з табою, не палохайся, бо Я - Бог твой. Я ўмацую цябе, Я дапамагу, рука Мая прынясе табе збавенне», - падбадзёрвае прарок Ісая.
«Не бойся, толькі веруй», - гаворыць Ісус у Евангеллі ад Марка.
Media
Related items
- Пад'ём у 3:30, маўчанне і ніякіх гаджэтаў. Адзіны ў свеце беларус камельдул наведаў родны горад
- Ці ўступаць у піянеры, спыталі ў вернікаў – частка адказаў здзівіла
- Пасля сутак на мяжы кіроўцу не ўпусцілі ў Беларусь з Польшчы. Прычына небанальная
- Адпраўка ў войска ў Беларусі адбываецца з удзелам святароў
- З 7 дзецьмі пасля 25 сутак вядомы прапаведнік пакінуў Беларусь