Logo
Print this page

"Госпадзе, прабач, бо не ведаюць, што чыняць". Як прайшлі 9 сутак арышту

У гэтыя дні адбываўся супер інтэнсіўны курс па знаёмстве з выдатнымі беларусамі

Каталіцкая верніца, выкладчыца Аксана Ючкавіч, якая правяла 9 сутак у зняволенні пасля суду і затрымання па дарозе на Курапаты, распавяла, як парйшлі гэтыя дні і з якім настроем яна выйшла на волю.

Кожны чалавек на дарозе - неверагодны скарб. Апошнія дні - у мяне быў супер інтэнсіўны курс па знаёмству з цудоўнымі беларусамі, які адбываўся на ІЧУ у Акрэсціна, на ЦІП-е, а таксама ў Жодзіна. Удзячная за кожнага беларуса, які быў там і там знаходзіцца надалей. Абдымаю кожнага беларуса над якім чыніўся гвалт, знявага і прыніжэнне чалавечай годнасці.

"Благаслаўлёныя тыя, каго пераследуюць за справялівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае".

Як часта праносілася ў маім нутры : Госпадзе, прабач, бо не ведаюць, што чыняць.

Я асабліва гэту фразу праганяла тады, калі балаклаўшчык Міша, думаю, многія ўжо з вас яго ведаюць добра, збіваў аднаго хлопца на падлозе, калі нас ужо перавезлі ў Жодзіна. Я не магла зразумець, адкуль гэты дзікі шал, гэты гнеў... Гэта тое, што не запісана ў нашай чалавечай натуры і гэтага быць не павінна. Я думаю, што і балаклаўшчык Міша гэта адчувае і хутка пераможа гэты гнеў. Мае вучні ў малым узросце вучацца апаноўваць гэтага цмока-гневу.

Я думаю, што ў кожнага "балаклаўшчыка мішы" гэта атрымаецца, бо ім жа ўсім хочацца таксама глядзець радаснымі вачыма на неба і ў вочы сваім блізкім і сябрам, сапраўдным сябрам.

У кожнага свой час на тое, каб зразумець і адкрыць у сваім жыцці веліч кожнага чалавечага жыцця. І павагу да свайго жыцця ў тым ліку.

Дарагія, моцна ўсіх абдымаю! І моцна веру, што нашая краіна і яе будучыня ў моцных руках, у сяброўскіх абдымках, у Праўдзе і Любові! І толькі так, а ўсё, што бруднае, тое змыюць нябёсы і росы!

Фота Віталя Палінеўскага

Media

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.