BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Папа - украінскім біскупам: каб загаіць раны, патрэбен Хрыстос

Святы Айцец заклікаў іерархаў быць блізка да святароў і вернікаў, будаваць паважлівыя і плённыя адносіны з дзяржаўнымі ўладамі.

20 лютага 2015 г. папа Францішак сустрэўся з украінскімі біскупамі, якія знаходзяцца ў Ватыкане з візітам “ad limina Apostolorum”. “Я з увагай пазнаёміўся з вашымі праблемамі, якіх нямала, а таксама з вашымі душпастырскімі праграмамі”, адзначыў Францішак звяртаючыся да іерархаў лацінскага і грэка-каталіцкага епіскапатаў. У першую чаргу, ён выказаў сваю блізкасць украінскаму народу і запэўніў у сваёй малітоўнай падтрымцы. Папа заклікаў усе бакі трываючага ва Ўкраіне канфлікту да міру, рэалізацыі дасягнутай згоды і павагі да прынцыпаў міжнароднага права. Ён пажадаў, каб захоўвалася нядаўна заключанае перамір’е.

Святы Айцец адзначыў, што знаёмы з падзеямі, якія пакінулі цяжкі след у гісторыі краіны і ўсё яшчэ захоўваюцца ў калектыўнай памяці народа. Па яго словах, часткова гэтыя праблемы маюць палітычную аснову, і біскупы не нясуць за іх адказнасць. Але пытанні сацыяльна-культурнага характару і гуманітарныя драмы, патрабуюць іх непасрэднага ўдзелу, перакананы Пантыфік.

Папа заклікаў украінскіх іерархаў уважліва слухаць галасы людзей, давераных іх пастырскаму клопату. На яго думку, украінскаму народу ўласцівыя такія каштоўнасці, як адкрытасць, супрацоўніцтва, здольнасць вырашаць спрэчныя пытанні. Іншымі словамі: пошук магчымага міру.

Святы Айцец нагадаў іерархам, што яны з'яўляюцца паўнавартаснымі грамадзянамі сваёй краіны і маюць права выказваць свае думкі адносна яе лёсу, казаць пра каштоўнасці, пра неабходнасць дасягнення згоды і агульнага дабра, пазбягаючы аднак “спрыяння канкрэтнаму палітычнаму рашэнню”. Ён запэўніў украінскіх іерархаў у падтрымцы з боку Святога Пасаду, у тым ліку і ў міжнародных арганізацыях. 

Крызіс нанес цяжкі ўдар па жыцці ўкраінскіх сем'яў, заўважыў Папа. Акрамя таго, няправільнае разуменне эканамічнай свабоды дазволіла вузкай групе людзей абагаціцца за кошт большасці грамадзянаў. На жаль, гэта з'ява закранула і дзяржаўныя ўстановы і прывяла да пашырэння беднасці ў шчодрай і багатай краіне. Францішак нагадаў, што пачуццё справядлівасці і праўды адносіцца не да палітычнай, а да маральнай сферы, а значыць пастырскі абавязак – заўсёды нагадваць пра яго вернікам. 

У сваім звароце Папа закрануў пытанні адносін паміж “братамі ў епіскапаце” - прадстаўнікамі лацінскай і грэка-каталіцкай духоўных традыцый. Застаецца неаспрэчным той факт, што нягледзячы на розныя абрады і традыцыі, абодва епіскапаты з'яўляюцца каталіцкімі і ўкраінскімі. Каб загаіць існуючыя раны і пераадоліць непаразуменні, патрэбен лекар – Хрыстос, якому іерархі служаць ад усяго сэрца, адзначыў Пантыфік. 

Францішак упэўнены, што адзінства Касцёла ва Украіне можа аказаць неацэнную паслугу не толькі ў сведчанні перад вернікамі, але і перад усёй нацыяй, у культурным, грамадскім і духоўным плане. Абедзьве традыцыі яднаюць агульныя каштоўнасці і скарбы: вера і народ Божы. “Будзьце шчодрымі і размаўляйце па-братэрску!” – заклікаў Папа ўкраінскіх біскупаў. 

Напрыканцы сустрэчы Святы Айцец заклікаў іерархаў быць блізка да святароў і вернікаў, будаваць паважлівыя і плённыя адносіны з дзяржаўнымі ўладамі, быць клапатлівымі і ўважлівымі да бедных, беспрацоўных, слабых, хворых, пенсіянераў, інвалідаў і бежанцаў.

radiovaticana.va

Last modified onНядзеля, 22 Люты 2015 03:08

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць