Logo
Print this page

Францішак: адрозніваць рэальны пост ад фармальнага

Можна рабіць ахвяраванні на карысць Касцёла, але таксама спытаць сябе: “Ці дастаткова плачу падначаленым?”

Хрысціяне, асабліва на працягу Вялікага посту, пакліканы жыць сапраўднай любоўю да Бога і бліжняга, сказаў папа Францішак 20 лютага 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Пантыфік звярнуў увагу на паводзіны тых, хто выконвае шмат рэлігійных прадпісанняў, але паводзіць сябе несправядліва з падначаленымі. Ён пачаў сваю гамілію з разважання над словамі прарока Ісаі: “Вось у дзень посту вашага вы задавольваеце свае жаданні і прыгнятаеце ўсіх работнікаў вашых. Вось посціце вы дзеля спрэчак і сварак і б’еце грэшным кулаком. Не пасціце так, як сёння, каб быў чутны ваш голас на вышынях” (Іс 58, 4).

Францішак заклікаў адрозніваць пост “фармальны ад рэальнага”. Калі чалавек адмаўляецца ад мяса, але адначасова сварыцца са сваімі працаўнікамі і эксплуатуе іх, гэта не пост у вачах Бога, лічыць Папа. Менавіта таму, на яго думку, Езус асуджаў фарысеяў, якія выконвалі “шмат знешніх прадпісанняў, але без праўды ў сэрцы”.

Сапраўдны пост павінен злучаць любоў да Бога з любоўю да чалавека. Нельга добра выконваць першыя тры запаведзі, а занядбаць на іншыя сем, перакананы Францішак. “Любоў да Бога і любоў да бліжняга – гэта адзінства, і калі жадаеш учыніць пакаянне – рэальнае, а не фармальнае, – павінен паступаць згодна з ёй перад Богам, а таксама са сваім братам, з бліжнім”, сказаў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што вера без учынкаў з’яўляецца мёртвай. Чалавек можа прысутнічаць на св. Імшы кожную нядзелю, прыступаць да Камуніі, рабіць ахвяраванні на карысць Касцёла, але ён таксама павінен спытаць сябе: “Ці дастаткова плачу падначаленым?”, “Ці забяспечваю іх сацыяльнымі гарантыямі?” “Ці не эксплуатую іх?”, лічыць Папа. Нельга пералічаць грошы на рахунак Касцёла, і ў той жа час паступаць несправядліва са сваімі працаўнікамі. “Гэта цяжкі грэх: выкарыстанне Бога для прыкрыцця несправядлівасці”, сказаў Францішак.

Святы Айцец прывёў таксама прыклад чалавека, які мае магчымасць наведваць урача без чаргі. “Гэта добра – падзякуй Богу. Але ты падумаў пра тых, хто не мае такіх сацыяльных адносін з бальніцай і вымушаны чакаць шэсць, сем, восем гадзін, нават калі справа тэрміновая?”, сказаў Пантыфік.

На працягу Вялікага посту Францішак заклікаў вызваліць месца ў сэрцы для людзей бедных, якія не маюць прывелеяў, зняволеных і маліцца, каб выкананне знешніх прадпісанняў адпавядала глыбокаму унутранаму абнаўленню.

radiovaticana.va

Last modified onНядзеля, 22 Люты 2015 03:08
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.