BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Папа на Кубе: пасланне свабоды, міру і надзеі

Пантыфік заклікаў Кубу і ЗША паказаць прыклад прымірэння ўсяму свету.

Папа Францішак прыбыў на Кубу – у першы пункт свайго дзесятага Апостальскага падарожжа, якое праз некалькі дзён працягнецца ў Злучаных Штатах Амерыкі. Падчас афіцыйнай цырымоніі прывітання ў міжнародным аэрапорце “Jose Marti” Пантыфік скіраваў свае цёплыя словы ўсім кубінцам, таксама і тым, “якія раскінуты па свеце”. Ён падзякаваў Прэзідэнту Кубы Раулю Кастра за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтай пілігрымкі і папрасіў пераказаць яго брату Фідэлю “пачуцці шчырай павагі і пашаны”.

Святы Айцец нагадаў, што сёлета “адзначаецца 80-я гадавіна ўстанаўлення бесперапынных дыпламатычных адносін” паміж Кубай і Апостальскай Сталіцай, а таксама пра “незабыўныя” візіты на востраў сваіх папярэднікаў: св. Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI. “Я ведаю, што ўспамін аб іх абуджае ўдзячнасць і любоў у народа і ўладаў Кубы”, - сказаў Папа. “Зараз мы жадаем аднавіць гэтыя сувязі супрацоўніцтва і сяброўства, каб Касцёл надалей спадарожнічаў і ўмацоўваў кубінскі народ у яго надзеях і турботах, ў свабодзе і з усімі неабходнымі сродкамі для нясення паслання аб Валадарстве аж да экзістэнцыяльных перыферый грамадства”.

Францішак заўважыў, што яго Апостальскае падарожжа супала з сотай гадавінай абвяшчэння Маці Божай Міласэрнасці з Эль Кобрэ Апякункай Кубы. “У гэтыя дні я буду мець магчымасць прыбыць у Эль Кобрэ як сын і пілігрым, каб прасіць нашу Маці за ўсіх яе кубінскіх дзяцей і за гэту ўмілаваную краіну, каб крочыла шляхамі справядлівасці, міру, свабоды і еднасці”, - сказаў Пантыфік.

Паводле Папы, улічваючы геаграфічнае месцазнаходжанне Кубы, яе можна лічыць “ключом” паміж Поўначам і Поўднем, Захадам і Усходам. “Натуральнае пакліканне” Кубы заключаецца ў тым, каб быць “месцам сустрэчы, каб усе людзі прыходзілі да сяброўства”, адзначыў ён і нагадаў заклік св. Яна Паўла ІІ, каб “Куба, з усімі сваімі цудоўнымі магчымасцямі, адкрылася на свет і каб свет адкрыўся на Кубу”.

Каментуючы нармалізацыю адносін паміж Кубай і ЗША, Святы Айцец падкрэсліў, што гэта з’яўляецца знакам перамогі культуры сустрэчы і дыялогу над культурай канфрантацыі. Ён заклікаў палітычных лідэраў “працягваць крочыць гэтым шляхам і працаваць на карысць міру і дабрабыту сваіх народаў, усёй Амерыкі, і ў якасці прыкладу прымірэння для ўсяго свету”.

20 верасня 2015 г. папа Францішак узначаліў Эўхарыстыю на плошчы Рэвалюцыі ў Гаване, падчас якой удзяліў першую св. Камунію групе кубінскіх дзяцей. У сваёй гаміліі Пантыфік пахіліўся над пытаннем, якое Езус скіраваў да сваіх вучняў: “Пра што па дарозе вы разважалі?”. “Гэта пытанне, якое Ён можа задаць кожнаму з нас сёння: аб чым размаўляеце штодзённа? Якія вашы прагненні?”, - сказаў Папа. Вучні, аднак, саромеліся адказаць і маўчалі, бо разважалі паміж сабою, хто большы.

Пытанне аб тым, “хто большы”, паводле Францішка, спадарожнічае чалавеку на працягу ўсяго жыцця: яно ўкаранёнае ў сэрцы і гісторыя пазначаецца тым, як на яго адказваюць людзі.

Святы Айцец нагадаў, што “Езус не баіцца чалавечых пытанняў” і пошукаў. Наадварот – Ён добра верае “закуткі” чалавечага сэрца і як добры педагог заўсёды гатовы спадарожнічаць людзям. “Верны свайму стылю дзеяння, Ён бярэ на сябе нашыя пытанні і прагненні, надаючы ім новы гарызонт”, Ён здольны даць адказ, які паставіць новы выклік і заўсёды ўстанаўлівае логіку любові, “якой могуць жыць усе”.

Гарызонт Езуса далёкі ад “элітарызма”. Гэта заўсёды прапанова для штодзённага жыцця, каб кожны дзень набываў “смак вечнасці”, лічыць Пантыфік.

“У гэтым заключаецца парадокс Езуса. Вучні дыскутавалі аб тым, хто б мог заняць важнейшае месца, быць выбраным у якасці прывелеяванай асобы, быць выключаным з-пад агульнага права, з-пад агульнай нормы, каб узняцца над усімі іншымі, хто б мог хутчэй узвысіцца, каб заняць пасаду, якая б давала пэўную выгаду. Езус адкінуў іх логіку, проста кажучы, што сапраўднае жыццё перажываецца ў канкрэтнай дзейнасці на карысць бліжніх”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што служэннем з’яўляецца клопат пра самых слабых у сем’ях, грамадстве, краіне. Ён заклікаў да канкрэтнай дзейнасці на карысць самых пакутуючых і змучаных і да адказнага выканання грамадзянскіх абавязкаў. “Каб быць хрысціянінам неабходна служыць годнасці братоў, змагацца за годнасць братоў і жыць дзеля годнасці братоў. Таму хрысціянін заўсёды пакліканы да таго, каб адставіць у бок свае патрэбы, чаканні і жаданні усемагутнасці, перад канкрэтным позіркам самых безабаронных”, - адзначыў Папа і заклікаў да бескарыслівага служэння, якое ніколі не павінна пераўтварацца ў ідэалогію, а здзейсняцца толькі дзеля дабра людзей.

На заканчэнне гаміліі Святы Айцец сказаў, што веліч народа, нацыі і чалавека заключаецца ў тым, як яны служаць безабароннасці сваіх братоў.

be.radiovaticana.va

Last modified onНядзеля, 20 Верасень 2015 17:32
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць