BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Папа сустрэўся з ахвярамі святароў-гвалтаўнікоў

Жанчыны падарылі Францішку кнігі, якія яго вельмі ўразілі.

Папа Францішак сустрэўся з двума ахвярамі сексуальных злоўжыванняў з боку духавенства ў Італіі. Сустрэча адбылася 10 верасня 2016 г. у рамках юбілейнай агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра, распавёў кс. Ганс Зольнер, член Папскай камісіі па абароне непаўналетніх.

Ахвяры злоўжыванняў уручылі Пантыфіку дзве кнігі. У першай апавядаецца гісторыя дзяўчыны, якая стала ахвярай дзеянняў сексуальнага характару з боку італьянскага святара, а ў другой – гісторыі кансэкраваных жанчын, якія падвергліся злоўжыванням з боку прадстаўнікоў духавенства. Францішак быў вельмі ўражаны пачутымі сведчаннямі і выказаў жаданне асабіста сачыць за апісанымі яму сітуацыямі, падзяліўся кс. Зольнер

5-11 верасня 2016 г. у Ватыкане праходзіла пасяджэнне Папскай камісіі па абароне непаўналетніх. Падчас яго гаворка ішла пра ўвядзенне агульнакасцёльнага Дня малітвы за ахвяр сексуальных злоўжыванняў, распрацоўку метадычных матэрыялаў для Біскупскіх Канферэнцый і стварэнне сайту Камісіі.

Кс. Ганс Зольнер адзначыў, што пад эгідай Папскай камісіі па абароне непаўналетніх на працягу апошніх месяцаў у розных частак свету прайшло каля 70-80 сустрэчаў прысвечаных гэтай тэме. Святар лічыць, што на цяперашні момант “Касцёл па-сапраўднаму з’яўляецца самым актыўным і самым важным бокам” у сферы абароны непаўналетніх, дзякуючы сваёй дзейнасці ў сістэме каталіцкай адукацыі, працы з моладзю і сем’ямі.

Папская камісія па абароне непаўналетніх была створана папам Францішкам у сакавіку 2014 г. Ён прыняў гэта рашэнне, працягваючы лінію, узятую Бэнэдыктам XVI. Камісія займаецца распрацоўкай накірункаў дзейнасці ў сферы абароны непаўналетніх, развіццём і пашырэннем нормаў, працэдур і стратэгій з мэтай прадухілення магчымых злоўжыванняў, распрацоўкай выхаваўчых праграм для дзяцей, бацькоў, семінарыстаў, святароў і ўсіх, хто ў Касцёле працуе з непаўналетнімі. Структура супрацоўнічае з грамадзянскімі ўладамі ў справах духавенства і касцёльных супрацоўнікаў, абвінавачаных у злоўжываннях, а таксама з экспертамі ў розных навуках і сферах сацыяльнай дзейнасці з мэтай прафілактыкі злачынстваў. Камісія адказвае за душпастырскі клопат аб ахвярах злоўжыванняў.

be.radiovaticana.va

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць