BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Папа ў Каіры: не бяжыце ад крыжа, будзьце радыкальныя ў любові

Францішак распавёў духавенству Егіпта пра пяць спакусаў.

“Хто не праходзіць праз досвед крыжа аж да праўды ўваскрасення, сам асуджае сябе на роспач”, - адзначыў Францішак 29 красавіка 2017 г. падчас Эўхарыстыі на тэрыторыі спартыўнага комплексу “Air Defence Stadium” у Каіры. У літургіі прынялі ўдзел каля 25 тыс. вернікаў.

У сваёй гаміліі Папа спаслаўся на евангельскае апавяданне пра сустрэчу ўваскрослага Хрыста з вучнямі на дарозе ў Эмаус. Ён падкрэсліў, што пасланне гэтага ўрыўку заключана ў трох словах: смерць, уваскрасенне і жыццё.

“Мы не можам сустрэць Бога не ўкрыжаваўшы перад гэтым нашыя абмежаваныя ідэі аб богу, якія адлюстроўваюць наша разуменне ўсемагутнасці і ўлады”, - сказаў Папа.

Паводле яго слоў, Касцёл нараджаецца з веры ва ўваскрасенне. Сапраўдная вера робіць больш лагоднымі, міласэрнымі, сумленным і гуманнымі. Яна падштурхоўвае бараніць культуру дыялогу, павагі і братэрства, і жыць ёй.

“Сапраўдная вера вядзе нас да абароны правоў іншых з той жа сілай і энтузіязмам, з якімі баронім нашы. На самой справе, чым больш умацоўваецца вера і пазнанне, тым больш расце пакора і ўсведамленне сваёй мізэрнасці”, - дадаў ён.

Францішак падкрэсліў, што Богу падабаецца толькі такая вера, якая вызнаецца жыццём, бо адзіным экстрэмізмам, які дазволены вернікам, з’яўляецца экстрэмізм любові. Усе іншыя формы экстрэмізму не паходзяць ад Бога і не падабаюцца Яму, заўважыў Пантыфік.

“Не бойцеся расчыніць свае сэрцы на святло Уваскрослага і дазвольце Яму перамяніць вашу няўпэўненасць ў станоўчую сілу для вас і іншых. Не бойцеся любіць усіх, сяброў і ворагаў, бо жывая любоў – гэта сіла і скарб верніка!”, - заклікаў Папа.

Кансэкраваныя асобы "маленькага каталіцкага статку ў Егіпце, разам з нашымі братамі праваслаўнымі, з’яўляюцца закваскай, якую Бог падрыхтаваў для гэтай благаслаўлёнай зямлі, каб узрастала на ёй Яго Валадарства”, падкрэсліў папа Францішак 29 красавіка 2017 г. падчас сустрэчы з егіпецкім духавенствам.

“Не бойцеся штодзённага цяжару, цяжару складаных умоваў, праз якія некаторыя з вас павінны прайсці. Мы ўшаноўваем Найсвяцейшы Крыж, прыладу і знак нашага збаўлення. Хто ўцякае ад крыжа, той уцякае ад уваскрашэння!”, - нагадаў Пантыфік.

Папа назваў каталіцкае духавенства Егіпта “добрай сілай”, “святлом і соллю гэтага грамадства”, “лакаматывам”, які цягне ў напрамку мэты ўвесь цягнік, “сейбітамі надзеі, будаўнікамі мастоў і працаўнікамі дыялогу і згоды”.

Ён заклікаў святароў і законнікаў не паддавацца спакусам пазбягання лідэрскай ролі, пастаннага наракання і абвінавачвання іншых, пляткарства і зайздрасці, параўноўнання сябе з іншымі, спасусы “фараонізма”, якая заключаецца ў адчуванні сябе вышэй за іншых, індывідуалізма, пілігрымавання без компасу і мэты. 

“Чым больш мы ўкаранёныя ў Хрысце, тым больш жывыя і плённыя”, - сказаў Папа і дадаў, што ад якасці духоўнага жыцця кансэкраваных асобаў залежыць якасць іх пасвячэння. Ён заклікаў чэрпаць натхненне з прыкладу шматлікіх пустэльнікаў, якія менавіта на тэрыторыі Егіпта далі пачатак манаскаму жыццю. “Так і вы зможаце быць святлом і соллю, прычынай збаўлення для саміх сябе і ўсіх іншых, веруючых і няверуючых, і асабліва для апошніх, патрабуючых, пакінутых і адчужаных”, - сказаў папа Францішак. 

Сустрэча з егіпецкім духавенствам стала апошняй у праграме візіту Святога Айца ў гэту паўночнаафрыканскую краіну.

be.radiovaticana.va

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць