Папа ў Фаціме кананізаваў сведак аб'яўленняў Панны Марыі
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Папа Францішак
- Add new comment
Францішак: давайце жыць надзеяй, ускладзенай на Ісуса.
“Я не мог не прыехаць сюды, каб пакланіцца Панне Марыі і даручыць Ёй яе сыноў і дачок. Пад Яе плашчом не губляюцца, з Яе рук зыходзяць надзея і спакой”, - сказаў Францішак 13 мая 2017 г. падчас урачыстай літургіі на плошчы перад базілікай Маці Божай Ружанцовай у Фаціме, з нагоды 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў.
Падчас св. Імшы, на якой Франсішку і Жасінта Марту былі абвешчаны святымі, Папа назваў іх прыкладам надзеі, якая палягае на веры ў Езуса Хрыста. “Дзева Марыя ўвяла іх у бязмежнае мора Божага Святла, накіроўваючы да праслаўлення Пана. З гэтага яны атрымлівалі моц, каб пераадольваць супярэчнасці і пакуты. Божая прысутнасць стала пастаяннай у іх жыцці, што яскрава бачна ў настойлівай малітве за грэшнікаў і няспынным жаданні заставацца побач з Езусам, укрытым у табернакулюме”, - адзначыў падчас гаміліі Святы Айцец.
Марыя не прыйшла, каб мы Яе ўбачылі: “для гэтага ў нас будзе цэлая вечнасць”, сказаў Папа. Прадказваючы і папярэджваючы аб пагрозе пекла, да якога вядзе жыццё без Бога, Яна аб’явілася тром партугальскім пастушкам, “каб нагадаць пра Божае Святло, якое прабывае ў нас і нас атуляе”. Па сведчаннях пілігрымаў, працягнуў Пантыфік, Фаціма і ёсць тым плашчом Святла, які нас ахінае тут, як і ў любым іншым месцы, калі прыбягаем пад заступніцтва Дзевы Марыі і просім, каб паказала нам Езуса.
“Нібы дзеці, што шукаюць у Яе прытулку, давайце жыць надзеяй, якая палягае на Езусе, бо, як пачулі ў другім чытанні, “тыя, якія атрымалі шчодрую ласку і дар справядлівасці, будуць валадарыць у жыцці дзякуючы аднаму – Езусу Хрысту” (Рым 5,17).
Францішак запрасіў вернікаў дзякаваць Марыі за шматлікія ласкі, якімі на працягу ста гадоў з моманту свайго аб’яўлення ў Фаціме адорвае Партугалію і ўвесь свет, і заклікаў кожнага сваім прыкладам і жыццём служыць “рэальнай і дзейснай” надзеяй для іншых.
Урачыстая літургія прайшла на лацінскай і партугальскай мовах у прысутнасці шматлікіх мясцовых вернікаў і пілігрымаў з усяго свету. Удзел у св. Імшы таксама прымалі прэзідэнты Партугаліі, Парагвая і астраўной афрыканскай краіны Сан-Тамэ і Прынсіпі.
Францішак стаў чацвёртым Пантыфікам, які наведаў санктуарый. У 1967 г. тут быў Павел VI, у 1982 г., 1991 г., і 2000 г. – Ян Павел ІІ, а ў 2010 г. – Бэнэдыкт XVI.
Related items
- Прыклад народнай пабожнасці: паглядзіце, як аформлена капліца ў глыбінцы
- Кветкі, ровары, жанчыны: замалёўка з Імшы ля прыдарожнага крыжа
- «Трымаецца, не скардзіцца, просіць аб малітве». Святар з Валожына – паўгода ў зняволенні
- Як усміхаецца найстарэйшы іерарх Беларусі? Неафіцыйны рэпартаж з Янава
- Правілы прызнання цудоўных з'яў змянілі ў Ватыкане