Logo
Print this page

Папа расказаў, што прымусіла яго заплакаць

Францішак адказаў, чаму бацькі кідаюць сваіх дзяцей, і чаму нельга казаць, што хтосьці пасля смерці не трапіў на Неба: «Нават пра Юду мы не можам такога сказаць».

Францішак сустрэўся з групай румынскіх сірот, якім дапамагае няўрадавая дабрачынная арганізацыя “FDP protagonisti nell’educazione”. Сустрэча адбылася ў Ватыкане яшчэ 4 студзеня 2018 г., але яе падрабязнасці былі раскрыты Залай Друку Апостальскай Сталіцы толькі 19 лютага. 

За некалькі месяцаў да аўдыенцыі адзін з прысутных на ёй юнакоў даслаў Пантыфіку ліст, у якім распавёў, што быў двойчы адрынуты ўласнай маці: спачатку, ў дзвюхмесячным узросце, быў пакінуты ў дзіцячым доме, а затым, калі сустрэліся праз 21 год, яна працягвала кепска ставіцца да яго і ён сам быў вымушаны сыйсці. “Мой бацька памёр. У чым я вінаваты, што яна не жадае мяне? Чаму не прымае мяне?”, - пытаўся малады чалавек.

Францішак прызнаўся, што плакаў, чытаючы яго ліст: “Калі гаворка ідзе пра маці, заўсёды ёсць нешта асаблівае...”. Паводле яго слоў, “у жыцці ёсць шмат пытанняў “чаму?”, на якія не можам даць адказу. Можам толькі глядзець, слухаць, цярпець і плакаць”. Пытанне пакінутага юнака, на думку Папы, адно з такіх.

“Гэта не пытанне віны. Гэта пытанне вялікай ўразлівасці дарослых, выкліканай, у вашым выпадку, вялікай беднасцю, вялізарнай сацыяльнай несправядлівасцю, што раздаўлівае малых і бедных, а таксама вялікай духоўнай убогасцю”. Гэта плён “памылковай і нечалавечай сацыяльнай сістэмы, якая робіць цвёрдымі сэрцы, прымушае рабіць памылкі”. “Духоўная галеча робіць цвёрдымі сэрцы і правакуе, здаецца, немагчымае – што маці пакідае ўласнае дзіця”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў хлопца не губляць надзеі. “Твая маці любіць цябе, але не ведае што рабіць, як гэта выразіць. Не можа, бо жыццё цяжкое, несправядлівае. Яна не ведае як выказаць тую любоў, што закрыта ў ёй, і як быць ласкавай з табой”, - адзначыў Папа і заклікаў маліцца, каб аднойчы яна змагла зрабіць гэта.

На думку Святога Айца, пра тую самую “слабасць” дарослых можна казаць, калі яны любяць сваіх здаровых дзяцей, але не любяць, калі дзіця нараджаецца хворым ці мае праблемы. “Перад абліччам слабасці іншых, напрыклад хваробы, некаторыя дарослыя з’яўляюцца яшчэ слабейшымі, не маюць дастаткова сіл, каб пераносіць слабасць. Гэта таму што яны самі слабыя”, - сказаў Папа.

“Існуюць бацькі, якія з’яўляюцца слабымі, бо маюць унутры сябе абмежаванасці, грахі і слабасці, і не мелі шчасця, каб ім дапамог хтосьці, калі былі малымі. З гэтымі слабасцямі яны ідуць па жыцці, бо не атрымалі дапамогі, не мелі шчаслівай магчымасці сустрэць сябра, які б узяў іх за руку і навучыў сталець і станавіцца моцнымі, каб перамагчы слабасці”, - заўважыў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што “цяжка атрымаць дапамогу ад бацькоў са слабасцямі і часам мы самі павінны ім дапамагчы. Замест таго, каб наракаць на жыццё, за тое што дало мне такіх бацькоў, калі мяне зрабіла крыху майнейшым, чаму б не змяніць сітуацыю і не падзякаваць Богу, падзякаваць за жыццё і за тое, што магу дапамагчы сваім бацькам, якія маюць слабасці...”, - прапанаваў Францішак. 

Адзін з прысутных на аўдыенцыі юнакоў распавёў Папу, што меў сябра, а калі той памёр, мясцовы святар сказаў, што ён не патрапіць на Неба, бо быў грэшнікам. Паводле Святога Айца, так казаць нельга, бо ніхто не ведае праўды аб апошнім лёсе чалавека.

“Скажу табе адну рэч, якая можа здзівіць цябе: нават пра Юду мы не можам такога сказаць”, - сказаў Папа і дадаў, што Бог прагне, каб на Неба патрапілі ўсе людзі.

Адказваючы на іншае пытанне, ён заклікаў сваіх гасцей не баяцца станавіцца перад Богам у праўдзе, без масак. “Калі хаджу ў касцёл, каб рабіць выгляд, што з’яўляюцца добрым чалавекам – гэта непатрэбна! Калі хаджу ў касцёл, бо мне падабаецца музыка, якая там гучыць, ці таму што адчуваю сябе там добра – гэта непатрэбна! Патрэбна, аднак, калі ўваходзячы ў святыню, магу сказаць: “Вось я, Пане. Ты любіш мяне, а я грэшнік. Будзь міласэрны да мяне”. Так Бог можа “фармаваць наша сэрца”, як “ганчар з гліны”, а Яго любоў зойме месца нашага эгаізма”, - сказаў Святы Айцец.

be.radiovaticana.va

Last modified onЧацвер, 22 Люты 2018 01:41
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.