BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Папа Рымскі папрасіў прабачэння ў цыган за дыскрымінацыю

Францішак назваў тыя каштоўнасці, якімі цыганы могуць узбагаціць грамадства

Папа Рымскі Францішак 2 чэрвеня, у апошні дзень свайго візіту ў Румынію, сустрэўся з супольнасцю цыганоў у горадзе Блаж. Заслухаўшы сведчанне грэка-каталіцкага святара, што паходзіць з цыганскай супольнасці, Пантыфік звярнуўся да прысутных з прамовай, у якой, перш за ўсё, перапрасіў ад імя Касцёла за ўціск і дыскрымінацыю, якім на працягу гісторыі падвяргаліся цыгане.

“Нясу цяжар у сэрцы, – прызнаўся Папа. – Гэта цяжар дыскрымінацый, сегрэгацый і дрэннага абыходжання, зведаных вашымі супольнасцямі. Гісторыя кажа нам, што і хрысціяне, у тым ліку католікі, не засталіся ў баку ад гэтага зла”.

“Ад імя Касцёла я прашу прабачэння ў Пана і ў вас за ўсе выпадкі, калі на працягу гісторыі мы дыскрымінавалі вас, дрэнна з вамі абыходзіліся або глядзелі на вас памылкова – позіркам Каіна, а не Абэля, і не здолелі спазнаць адзін аднаго, ацаніць і абараніць вас у вашай адметнасці”, - сказаў Францішак.

Ён запэўніў прысутных у тым, што “ў Хрыстовым Касцёле ёсць месца для ўсіх”. Па словах Папы, “пакінуўшы кагосьці ззаду, чалавечая сям’я не ідзе наперад”, і мы не з’яўляемся да канца ні хрысціянамі, ні проста людзьмі, калі не ўмеем бачыць чалавека раней за яго ўчынкі, раней за нашыя суджэнні і прадузятасць”. Таму варта “выбіраць дарогу Езуса”, бо яна, хоць і “каштуе намаганняў”, але, праходзячы праз прабачэнне, “вядзе да супакою”.

“Не дазволім сабе быць уцягнутымі ў зайздроснасць, якая хаваецца ўнутры: ніякай злапамятнасці. Бо ніякае зло не згладжвае іншае зло, ніякая помста не выкупляе несправядлівасці, ніякая прыкрасць не ідзе на карысць сэрцу, ніякая замкнёнасць не збліжае”, - заклікаў Папа.

Ён заахвоціў цыган прымаць актыўны ўдзел у жыцці грамадства і ўзбагачаць яго каштоўнасцямі, якія складаюць іх сутнасць і гісторыю, а менавіта, шанаваннем жыцця і сям’і, салідарнасцю, гасціннасцю, узаемападтрымкай і абаронай найбольш слабых, добраахвотнасцю і жыццярадаснасцю.

Нарэшце, Папа запрасіў прадстаўнікоў цыганскай супольнасці сумесна будаваць “больш чалавечны свет, пераадольваючы страхі і падазронасць, разбураючы бар’еры, што аддзяляюць ад іншых, жывіць узаемную веру ў цярплівыя і ніколі не марныя пошукі братэрства”.

vaticannews.va/be

Media

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць