Logo
Print this page

"Настроены песімістычна". Папа Рымскі адкрыта - аб сусветнай вайне, Пуціне, Кірыле, паездцы ў Маскву і Кіеў

Францішак падзяліўся інфармацыяй ад прэзідэнта Венгрыі, што "ў расіян ёсць план, усё скончыцца да 9 траўня"

Папа папрасіў аб сустрэчы ў Маскве з Уладзімірам Пуціным, каб паспрабаваць спыніць вайну ва Украіне, але не атрымаў адказу. Аб гэтым ён паведаміў у інтэрв’ю італьянскаму выданню Corriere della sera, піша vaticannews.va/be.

На пачатку размовы Пантыфік прызнаўся, што рыхтуецца да аперацыі на калене, каб перамагчы боль, які перашкаджае яму ўдзельнічаць ва аўдыенцыях і сустрэчах з вернікамі. Але галоўнае хваляванне ў Святога Айца выклікае не стан здароўя, але расійскае ўварванне ва Украіну, - заўважыла рэдакцыя італьянскай газеты.

Папа распавёў пра намаганні, якія прыкладае разам з кардыналам П’етра Паралінам, Дзяржаўным сакратаром, для спынення ваенных дзеянняў. “У першы дзень вайны я тэлефанаваў Зяленскаму”, - сказаў ён. Францішак зазначыў, што не меў тэлефоннай размовы з Уладзімірам Пуціным, але пажадаў зрабіць “выразны жэст, які мог бы ўбачыць увесь свет” – пайшоў да расійскага пасла, каб папрасіць аб тлумачэннях і заклікаць спыніць вайну.

“Потым, пасля дваццаці дзён вайны, я папрасіў кардынала Параліна, пераказаць Пуціну паведамленне пра тое, што я гатовы паехаць у Маскву. Безумоўна, было неабходна, каб крамлёўскі лідар прадставіў нейкае акенца. Мы яшчэ не атрымалі адказу і працягваем настойваць, хоць я баюся, на дадзены момант Пуцін не можа і хоча рабіць такую сустрэчу. Але як не спрабаваць не спыніць гэту жорсткасць?”, - зазначыў Папа.

Францішак занепакоены тым, што пакуль Уладзімір Пуцін не мае намеру спыняцца. Спрабуючы зразумець прычыны такіх паводзін, Папа заўважыў, што, магчыма, “гаўканне НАТА ля дзвярэй Расіі” прымусіла кіраўніка Крамлю “гнеўна адрэагаваць і развязаць канфлікт”. Нават калі гэта “не было прычынай гневу, але, прынамсі, паспрыяла яму”, - дадаў Святы Айцец.

Пантыфіка спыталі таксама пра адносіны да паставак узбраенняў ва Украіну. “Я вельмі далёкі і не ведаю, як адказаць на пытанне пра тое, ці правільна пастаўляць зброю ўкраінцам. Зразумела, што цяпер на гэтай зямлі выпрабоўваецца зброя. Расіяне цяпер ведаюць, што ад танкаў мала карысці, і думаюць пра іншыя рэчы. Дзеля гэтага вядуцца войны: каб выпрабоўваць зброю, якую вырабляем. Так было падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі перад Другой сусветнай вайной. Гандль зброяй – гэта скандал, супраць якога мала хто выступае. Два-тры гады таму ў Геную прыбыў нагружаны зброяй карабель: яе трэба было перакласці на вялікае грузавое судна для перавозкі ў Емен. Работнікі порта не захацелі рабіць гэтага. Яны сказалі: давайце падумаем пра дзяцей Емена. Гэта малы, але цудоўны ўчынак. Такіх учынкаў павінна быць шмат”, - лічыць Францішак.

Папа падкрэсліў, што яго візіт у Кіеў не плануецца, бо спачатку ён павінен паехаць у Маскву. “Я пакуль не збіраюся ехаць у Кіеў, адчуваю, што не павінен гэтага рабіць. Спачатку я павінен адправіцца ў Маскву, спачатку я павінен сустрэцца з Пуціным. Але я святар, што я магу зрабіць? Раблю ўсё, што ў маіх сілах”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік распавёў пра сваю 40-хвілінную размову ў Патрыярхам Кірылам. “Першыя дваццаць хвілін ён з лістком у руцэ прадстаўляў мне ўсе апраўданні для вайны. Я выслухаў яго і сказаў: нічога з гэтага не разумею. Браце, мы не дзяржаўныя служачыя, мы не можам карыстацца мовай палітыкі, мы павінны выкарыстоўваць мову Езуса. Мы пастыры аднаго святога Божага люду, таму мы павінны шукаць шляхі міру, імкнуцца пакласці канец агню зброі. Патрыярх не можа ператварацца ў служачага Пуціна. У мяне была запланавана сустрэча з ім на 14 чэрвеня ў Іерусаліме. Гэта была б наша другая сустрэча тварам у твар, ніяк не звязаная з вайной. Але цяпер нават ён згодны: “Давайце ўстрымаемся, гэта можа быць неадназначным сігналам”, - сказаў Пантыфік.

На думку Папы, цяперашняя сітуацыя сапраўды можа прывесці да сусветнай вайны. Спасылаючыся на папярэджанні, якія ён скіроўваў на працягу некалькіх гадоў, кажучы пра “фрагментарную сусветную вайну”, Францішак адзначыў: “Мая трывога была выклікана назіраннем за рэчаіснасцю: Сірыя, Емен, Ірак, у Афрыцы адна вайна за другой. Ва ўсім гэтым ёсць міжнародныя інтарэсы. Немагчыма ўявіць, што свабодная дзяржава можа развязаць вайну супраць іншай свабоднай дзяржавы. Здаецца, што канфлікт ва Украіне стварылі іншыя. Адзінае, у чым вінавацяць украінцаў, гэта ў іх рэакцыю на Данбасе, але гаворка ідзе пра падзеі дзесяцігадовай даўніны. Гэта аргумент састарэў. Безумоўна, украінцы – горды народ”, - сцвердзіў Францішак.

Святы Айцец узгадаў пра Крыжовы шлях у рымскім Калізеі і пра просьбу ўкраінскага боку адмяніў сумеснае чытанне разважання расіянкай і украінкай падчас трынаццатай стацыі. “Я патэлефанаваў тады кардыналу Краеўскаму, які знаходзіўся там (ва Украіне), і ён сказаў мне: трэба адмяніць, нельга чытаць гэту малітву. Яны маюць рацыю, нават калі мы не можам да канца зразумець іх. Таму была цішыня. Яны ўразлівыя, адчуваюць сябе пераможанымі або паняволенымі, бо заплацілі высокі кошт падчас Другой сусветнай вайны. Вельмі шмат людзей загінула, гэта народ-мучанік. Але мы таксама вельмі ўважлівыя да таго, што цяпер можа адбыцца ў Прыднястроўі”, - прызнаўся Святы Айцец.

Францішак лічыць, што “не існуе дастатковай волі да міру”. Папа падзяліўся інфармацыяй ад Прэзідэнта Венгрыі Віктара Орбана, які сказаў яму, што “ў расіян ёсць план, усё скончыцца да 9 мая”. “Спадзяюся, што гэта так і ёсць. Такім чынам можна зразумець эскалацыю гэтых дзён. Бо зараз гэта не толькі Данбас, але гэта Крым, гэта Адэса, гэта захоп чарнаморскага порту ў Украіны, гэта ўсё. Я – настроены песімістычна, але мы павінны зрабіць усё магчымае, каб спыніць вайну”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Last modified onПятніца, 06 Май 2022 23:00
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.