BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Адбываецца сусветная вайна». Што менавіта сказаў Папа Рымскі пра агрэсію Расіі ва Украіне

Пантыфік адзначыў прамое ўмяшальніцтва “звышдзяржавы”, якая мае намер навязаць сваю волю насуперак прынцыпу самавызначэння народаў

Падчас сустрэчы з галоўнымі рэдактарамі езуіцкіх часопісаў Папа Рымскі Францішак падзяліўся думкамі пра расійскае ўварванне ва Украіну. 14 чэрвеня пра змест размовы, якая адбылася 19 траўня, напісаў часопіс La Civiltà Cattolica.

Паводле Францішка, цытаты якога прыводзіць vaticannews.va/be, за некалькі месяцаў да пачатку вайны ён сустракаўся з адным кіраўніком дзяржавы, “мудрым чалавекам, які мала гаворыць”, і той выказаў занепакоенасць крокамі НАТА, маўляў, “НАТА гаўкае ля дзвярэй Расіі”, а “расіяне – імперыялісты і не дазволяць ніводнай чужаземнай сіле наблізіцца да іх”. Палітык папярэдзіў Папу, што гэта можа прывесці да вайны. “Такім было яго меркаванне, а 24 лютага пачалася вайны. Гэты кіраўнік дзяржавы здолеў прачытаць знакі таго, што адбывалася”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў, што мы бачым “жорсткасць і брутальнасць”, з якой вайну вядуць галоўным чынам атрады наймітаў, якіх выкарыстоўваюць расіяне. “Але небяспека заключаецца ў тым, што мы бачым толькі гэты жах, але не бачым усёй трагедыі, што разгортваецца за гэтай вайной, якая, магчыма, была пэўным чынам справакаванай або яе не атрымалася пазбегнуць. Я бачу таксама зацікаўленасць у выпрабаванні і продажы зброі”, - з жалем канстатаваў Папа.

“Хтосьці можа сказаць мне ў гэтым кантэксце: вы прыхільнік Пуціна! Не, я не з’яўляюся ім. Такое сцвярджэнне было б памылковым спрашчэннем. Я проста супраць звядзення складанай сітуацыі да падзелу на добрых і злых, не думаючы пра карані і інтарэсы, якія вельмі складаныя”, - заўважыў Францішак, падкрэсліваючы, што “бачачы жорсткасць расійскіх войскаў, нельга забываць пра праблемы, каб імкнуцца вырашыць іх”. “Гэта праўда, што расіяне думалі завяршыць усё цягам тыдня. Але яны памыліліся ў разліках. Яны сустрэлі мужны народ, які змагаецца за выжыванне і мае гісторыю барацьбы”, - сказаў Пантыфік.

Ён адзначыў таксама важнасць увагі да ўкраінскіх бежанцаў, самотных жанчын і дзяцей: “Трэба задумацца пра тое, як іх падтрымаць, каб яны не трапілі ў сеткі гандляроў людзьмі, каб не былі выкарыстаны, бо сцярвятнікі ўжо кружаць”.

Францішак назваў Украіну багатай краінай, якую заўсёды імкнуліся раздзяліць, якой прагнулі авалодаць, каб эксплуатаваць.

“Гісторыя нібыта наканавала Украіне лёс гераічнай краіны. І мы бачым гэты гераізм, ён узрушвае нашы сэрцы. Гэта гераізм, што злучаецца з ласкавасцю! Насамрэч, калі прыбылі першыя маладыя расійскія салдаты – пазней былі пасланы найміты, – адпраўленыя на “ваенную аперацыю”, як яны казалі, не ведаючы, што ідуць на вайну, то менавіта ўкраінскія жанчыны апекаваліся імі, калі яны траплялі ў палон. Гэта вялікая чалавечнасць. Мужныя жанчыны. Гэта народ, які не баіцца ваяваць. Гэта працавіты народ, які, адначасова, ганарыцца сваёй зямлёй. Трэба мець на ўвазе ўкраінскую тоеснасць у гэты момант. Гэты гераізм – узрушвае. Я вельмі хачу падкрэсліць гераізм украінскага народа. Перад нашымі вачыма адбываецца сусветная вайна, вайна глабальных інтарэсаў, гандлю зброяй і геапалітычных заваяванняў, якая раздзірае гераічны народ”, - сказаў Пантыфік.

Таксама ў пасланні на Сусветны дзень бедных Папа Францішак закрануў тэму расійскай агрэсіі: “Вайна ва Украіне дадалася да рэгіянальных войн, якія цягам апошніх гадоў сеюць смерць і разбурэнні. Але тут карціна з’яўляецца больш складанай з-за прамога ўмяшальніцтва “звышдзяржавы”, якая мае намер навязаць сваю волю насуперак прынцыпу самавызначэння народаў. Зноў усплываюць з памяці трагічныя сцэны, а ўзаемны шантаж некаторых магутных гэтага свету заглушае голас чалавецтва, якое заклікае да міру”, - напісаў ён.

“Колькі бедных параджае бессэнсоўнасць вайны!”, - зазначыў Пантыфік, нагадваючы пра гвалт супраць безабаронных і дэпартацыі “тысяч людзей, у першую чаргу дзяцей, каб пазбавіць іх каранёў і навязаць ім іншую тоеснасць”. “Мільёны жанчын, дзяцей і старых вымушаны кідаць выклік бомбам, што пагражаюць ім, каб уратавацца, і шукаць прытулку ў суседніх краінах. А колькі іх застаецца з зонах канфлікту, кожны дзень жывучы ў страху, без ежы, вады, медыцынскай дапамогі і перш за ўсё – без сваіх блізкіх”, - дадаў Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што ад вайны “церпяць многія простыя людзі, якія далучаюцца да і без таго вялікай колькасці бедных”. Ён нагадаў, што ў апошнія гады многія краіны адкрылі свае дзверы для прыняцця мільёнаў ваенных бежанцаў з Блізкага Усходу, Афрыкі, а цяпер з Украіны.

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць