Папа Рымскі прыпыніў малітву з-за слёз, молячыся аб міры для Украіны
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Папа Францішак
- Add new comment
«Любоў перамагае нянавісць, праўда перамагае хлусню, прабачэнне перамагае крыўду, над вайной перамагае мір», – сказаў Францішак падчас малітвы да Багародзіцы
Ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, 8 снежня, Папа Рымскі Францішак здзейсніў традыцыйны візіт да скульптуры Маці Божай на Іспанскай плошчы ў Рыме. Пантыфік даверыў асабліваму заступніцтву Багародзіцы «незлічоных мужчын і жанчын, не толькі хрысціян», для якіх яна «сярод столькіх цёмных хмар застаецца знакам надзеі», дзяцей, якім дае суцяшэнне, пажылых, якіх суправаджае ў радасці і смутку іх жыцця.
Папа прасіў Панну Марыю аб міры для Украіны і ў гэты час заплакаў – давялося прыпыніць малітву, на кароткі час усталявалася цішыня.
«Беззаганная Дзева, я хацеў бы сёння выказаць табе падзяку ад імя ўкраінскага народа, міру для якога мы даўно просім Пана. (...) Мы ўсе ведаем, што ты з імі і з усімі тымі, хто пакутуе, як была побач з крыжам твайго Сына, – цытуе Францішка vaticannews.va/be. – Гледзячы на цябе, бязгрэшную, мы можам працягваць верыць і спадзявацца на тое, што любоў перамагае нянавісць, праўда перамагае хлусню, прабачэнне перамагае крыўду, над вайной перамагае мір».
Таксама ў малітве Францішак узгадаў «сем'і, бацькаў і маці, якія часта змагаюцца, каб звесці канцы з канцамі дома, і сутыкаюцца дзень за днём з малымі і вялікімі праблемамі, каб рухацца наперад». Ён даверыў Найсвяцейшай Панне маладыя пары і папрасіў, каб яны, гледзячы на яе і святога Юзафа, «з мужнасцю даверылі сябе Божаму Провіду».
Папа папрасіў Марыю заставацца побач з моладдзю, якая жыве ў «культуры, багатай рэчамі і беднай каштоўнасцямі, насычанай інфармацыяй і пазбаўленай адукаванасці, пераканаўчай у падмане і бязлітаснай у расчараванні».
Media
Related items
-
"Мяне затрымалі". Каталіцкі святар у Белгарадзе арыштаваны
-
Ракета РФ ва ўкраінскім Дняпры разбурыла 9-павярховы дом: у храмах моляцца аб ахвярах
-
Папа Рымскі памаліўся за Украіну перад беларускай іконай
-
Польшча не хоча вяртаць Юравіцкі абраз? Што не так у інфармацыі дзяржТБ
-
Заклік да міру? Над Беларуссю і Расіяй з'явілася зімовая вясёлка