Logo
Print this page

Гомельскія скаўты здзейснілі зімовую вандроўку да Маці Божай Юравіцкай - ФОТА

Каталікоў па-братэрску прынялі праваслаўныя манахі, таксама скаўты наведалі каталіцкую парафію ў Хойніках.

3-4 студзеня дарослыя скауты- «вандроўнікі» Першай гомельскай дружыны каталіцкіх скаўтаў святога Андрэя Баболі здзейснілі сваю зімовую «вандроўку». Цэнтральным пунктам пілігрымкі было абрана, мабыць, адзінае святое для каталікоў месца ў Гомельскай вобласці - вёска Юравічы Калінкавіцкага раёна. Яно не толькі вядома тым, што тут знайшлі самую старажытную стаянку чалавека ў Беларусі, але і знакаміта цудатворнай іконай Маці Божай Юравіцкай, якая знаходзілася ў адзіным на Гомельшчыне езуіцкім калегіуме і касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы.

Нагадаем, абраз Маці Божай Юравіцкай шануецца як каталікамі, так і праваслаўнымі. Юравіцкі комплекс, помнік архітэктуры позняга барока, першапачаткова належаў каталіцкаму ордэну езуітаў. Аднак пасля паўстання 1863-1864 гадоў касцёл быў зачынены і перададзены ў праваслаўнае ведамства на падставе загаду генерал-губернатара Мураўёва. Комплекс стаў праваслаўным жаночым манастыром, але з прыходам савецкай улады яго зачынілі, а будынак аддалі пад дзіцячы дом. У 1993 годзе дзяржава перадала паўразбураны Юравіцкі храмавы комплекс Тураўскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Рэстаўрацыя будынка доўжыцца да гэтага часу.

Праваслаўныя і каталікі разам праводзяць Хросны ход з Мазыра ў Юравічы з 2006 года, калі ў склепе разбуранага кляштара выпадкова знайшлі копію цудатворнага абраза. А сама старажытная святыня ў XIX стагоддзі была таемна вывезена ў Кракаў і знаходзіцца там да гэтага часу.

Скаўты пачалі сваё паломніцтва з сімвалічнага месца - буйнога скрыжавання, то бок вялізнага крыжа, утворанага трасамі Р-35 і Р-31. Больш за 20 кіламетраў да Юравіцкай святыні «вандроўнікі» ішлі праз лясы і палі пад дажджом, снегам і ветрам з песнямі, малітвамі і канферэнцыямі.

У выніку, прыбыўшы да ночы ў старадаўні комплекс, дзе цяпер размяшчаецца праваслаўны Свята-Раства-Багароднічны мужчынскі манастыр, каталікі знайшлі там па-сапраўднаму цёплы братэрскі прыём праваслаўных манахаў і начлег у старадаўнім будынку калегіума, які калісьці ўзвялі езуіты.

Скаўты памаліліся перад абразом Маці Божай Юравіцкай, папрысутнічалі на праваслаўнай літургіі і адправіліся ў шлях да райцэнтра Хойнікі, дзе прынялі ўдзел у святой Імшы ў каталіцкай парафіі.

Last modified onНядзеля, 04 Студзень 2015 21:46
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.