Logo
Print this page

Напярэдадні свята Божага Нараджэння ў Беларусь прыбудзе Бэтлеемскі агонь

Скаўты прывязуць святыню ў Гродна 20 снежня, у Мінск - 21 снежня, а ў Гомель ды іншыя рэгіёны агонь даставяць 22 снежня.

«Бэтлеемскае святло свету» каталіцкія скаўты прывозяць у Беларусь ужо больш за 15 гадоў. Святыня пачынае сваё падарожжа з Вены, куды яе дастаўляюць самалётам з Бэтлеема - месца зямнога нараджэння Ісуса Хрыста. Затым агонь перадаюць у Чэхію, Польшчу і вязуць да беларускай мяжы, дзе ўрачыста ўручаюць мясцовым скаўтам. У Гродна агонь прыбудзе 20 снежня, а ў Мінск - 21 снежня. Дарэчы, Папу Францішку Бэтлеемскі агонь перададуць 18 снежня. Таксама яго даставяць вернікам больш за 30 краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі.

З беларускай сталіцы скаўты развязуць Бэтлеемскі агонь амаль ва ўсе рэгіёны краіны. У гомельскую рыма-каталіцкую царкву агонь з Бэтлеема будзе ўрачыста ўнесены на нядзельнай святой Імшы 22 снежня. Ужо чацвёрты год запар у Гомель яго даставіць група парафіяльных скаўтаў.

Каб паспець раздаць агонь вернікам, скаўты адправяцца за ім раніцай у суботу. Яны падпаляць сваю лампаду ў Мінскай архікатэдры і па дарозе ў Гомель будуць заязджаць у іншыя гарады, каб перадаць святыню ў мясцовыя касцёлы. Важна прасачыць, каб агонь у дарозе не згас, інакш прыйдзецца зноў вяртацца за ім у Мінск.

У Гомелі ўсе жадаючыя змогуць падпаліць свае лампады пасля нядзельных службаў, каб занесці агонь з Бэтлеема ва ўласныя дамы або перадаць родным. На той выпадак, калі ў некага не будзе з сабой лампады, скаўты плануюць прадаваць іх на першым паверсе храма да і пасля Набажэнстваў.

Як кажуць святары, не варта ставіцца да Бэтлеемскага агню як да містычнай з'явы. Гэтая святыня мае глыбокі духоўны сэнс, для хрысціяніна гэта сімвал гарачага сэрца, гарачай любові і веры, якімі варта дзяліцца адзін з адным.

Last modified onНядзеля, 22 Снежань 2013 18:30
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.