Logo
Print this page

«Не захацеў быць часткай зла». Курсант Акадэміі МУС забраў дакументы пасля разгону акцыі ля Чырвонага касцёла

Хлопцу трэба будзе выплаціць вялікую суму ВНУ - але гэта не стрымала яго ад таго, каб не ісці на здзелку з сумленнем

Былы курсант Акадэміі МУС, які толькі сёлета паступіў у ВНУ, нядаўна забраў дакументы і распавёў Katolik.life аб прычынах свайго ўчынку. Хлопец хацеў стаць юрыстам, таму вырашыў паступіць у Акадэмію МУС:

- Доўга збіраў дакументы, праходзіў многія камісіі - насамрэч паступіць туды вельмі цяжка, і няпраўда, што ў Акадэмію бяруць усіх запар. Разам са мной паступілі такія ж пісьменныя, матываваныя людзі. Але ўжо пасля курсу маладога байца і пачатку вучобы мне прыйшлося сысці з-за некалькіх фактараў. Пратэсты, якія пачаліся пасля выбараў, аказалі вялікі ўплыў і на курсантаў, і на афіцэраў.

Хлопец адзначае, што дэманстрацыі стварылі моцнае напружанне:

- Доступ да гаджэтаў у курсантаў абмежаваны, але ўсё ж інфармацыя даходзіла, і ўсе ведалі пра тое, што рабілася на вуліцах. Я прачытаў справаздачу Human Rights пра збіццё і катаванні з боку сілавікоў. Гэта не ўкладвалася ў галаве. У Акадэміі нас вучылі, што годнасць чалавека, захаванне яго правоў, павінна быць на першым плане... У адзін з дзён пратэстаў я апынуўся ля Чырвонага касцёла ў Мінску і бачыў, як разганяюць акцыю. Я не ведаю, хто гэта быў - ніякіх апазнавальных знакаў не бачыў - але гэта былі дакладна супрацоўнікі сілавых структур. Я бачыў, як мірныя дэманстранты спачатку стаялі, потым ляжалі, іх цягнулі, білі. Я ў гэтым не ўдзельнічаў, але калі я знаходжуся ў сістэме МУС, значыць, мы ўсе адказныя адзін за аднаго, мы ўсе адно цэлае з тымі, хто ўдзельнічаў у гвалце. Я не захацеў быць часткай гэтага зла.

Трэцяя прычына, па якой курсант вырашыў напісаць рапарт, - гэта забарона на ўезд у Беларусь арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча:

- Я веруючы католік, і мяне вельмі абурыла такое стаўленне да архіпастыра і Каталіцкай царквы. Тое, што пашпарт іерарха прызналі несапраўдным і не пускаюць яго ў краіну, лічу вялікім парушэннем закона, не магу з гэтым мірыцца.

Аднак, калі курсант Акадэміі МУС забірае дакументы, яго абавязваюць выплаціць ВНУ вялікую суму - за харчаванне, абмундзіраванне, пражыванне:

- Толькі пасля першага курса гэтая сума складае каля 15-20 тысяч рублёў. Можна ўявіць, колькі трэба заплаціць тым, хто захоча сысці з трэцяга-чацвёртага курса - непад'ёмныя грошы. І гэта, вядома, вялікі стрымальны фактар для тых, хто не хоча ісці на здзелкі з сумленнем, але не можа выплаціць такія грошы. Тым не менш, яшчэ некалькі курсантаў таксама забралі дакументы - не ведаю дакладна, па якіх прычынах.

Хлопец ужо ўладкаваўся на працу па сваёй першай спецыяльнасці, і спадзяецца, што па частках, за тры-чатыры месяцы, расплаціцца з ВНУ. Былы курсант адзначае, што ў Акадэміі не чуў негатыву ў адрас пратэстоўцаў:

- Не было нянавісці, асуджэння. Усе разумеюць, што людзі маюць права мірна выказваць сваё меркаванне. Але ўсе хочуць спакойна вучыцца і працаваць. Таму чакаюць мірнага, спакойнага вырашэння крызісу ў грамадстве.

Last modified onНядзеля, 27 Верасень 2020 19:27
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.