Logo
Print this page

«Прабіваў шлях да незалежнасці». Тысячы беларусаў прыйшлі развітацца са Станіславам Шушкевічам

У апошні зямны шлях першага кіраўніка Беларусі праводзілі апладысментамі і гімнам «Магутны Божа» - фота, відэа

У архікатэдральным касцёле ў Мінску 7 траўня прайшло развітанне са Станіславам Шушкевічам і святая Імша ў інтэнцыі вечнага жыцця для яго. Ужо з вечара пятніцы, калі перад алтаром святыні была выстаўлена труна з памерлым першым лідарам незалежнай Беларусі, сотні мінчукоў прыходзілі, каб прынесці кветкі і развітацца са Станіславам Шушкевічам.

Святую Імшу цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі разам з арцыбіскупам эмерытам Тадэвушам Кандрусевічам, старшынём Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі біскупам Алегам Буткевічам.

«Я не дазволю, каб свет смяяўся з Беларусі. Я хачу, каб свет гаварыў пра Беларусь толькі добра», - працытаваў словы Шушкевіча падчас гаміліі Тадэвуш Кандрусевіч. Ён таксама прыгадаў, што тагачасны кіраўнік Беларусі быў сярод тых, хто падпісаў гістарычны дакумент аб ліквідацыі Савецкага Саюза.

«Ты быў творцам дакументу, дзякуючы якому мы атрымалі незалежнасць», - звярнуўся да спачылага іерарх. І дадаў, што Шушкевіч «стаяў ля вытокаў гэтай незалежнасці і тварыў гэтую незалежнасць, пакінуў глыбокі след у нашай гісторыі».

Іерархі падзякавалі Станіславу Шушкевічу за спрыянне ў вяртанні католікам святынь, адабраных камуністамі, і рэлігійную свабоду ў Беларусі. Калі труну выносілі з касцёла, у апошні зямны шлях Станіслава Шушкевіча вернікі праводзілі апладысментамі і спявалі духоўны гімн Беларусі «Магутны Божа».

Фота: facebook.com/sviatoslav.zorkiy

instagram.com/veretinskij

скрыншоты відэа з канала Catholic.by

і facebook.com/MichalinkaOkun

Media

Last modified onАўторак, 10 Май 2022 18:13
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.