«Прыгожае месца азмрочана крыжамі». Дзяржгазета абвінаваціла каталіцкіх іерархаў і заклікала «расчысціць» Курапаты
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Соцыум
- Add new comment
Аўтар заявіў, што малітва прадстаўніка Папы Рымскага на месцы масавых расстрэлаў рэпрэсаваных - гэта «цырк на касцях»
«Прыгожае месца каля сталічнага мікрараёна Зялёны луг азмрочана крыжамі, якія стаяць у лесе», - піша пра ўрочышчы Курапаты прапагандыст Юрый Увараў ў дзяржаўным выданні «Мінская праўда». Выкарыстоўваючы мову нянавісці і маніпуляцыі, ён абвінавачвае еўрапейскіх дыпламатаў, у тым ліку прадстаўніка Папы Рымскага ў Беларусі арцыбіскупа Антэ Ёзіча, а таксама Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ў тым, што яны «ладзяць цырк на касцях», праводзячы тут малітвы за нявінных ахвяр савецкіх рэпрэсій.
Акрамя таго, аўтар абвінавачвае ў цэлым Каталіцкую Царкву ў Беларусі ў «дэструктыўнай дзейнасці», кідае абвінавачванні і ў бок Генеральнага вікарыя архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага.
Сам факт масавага расстрэлу рэпрэсаваных у Курапатах газета лічыць здагадкамі, «байкамі», заяўляе, што расстрэлы тут рабілі нацысты ў гады Другой сусветнай вайны, таму заклікае правесці ва ўрочышчы «эксгумацыю парэшткаў ахвяр фашыстаў і беларускіх паліцаяў».
Адзначым, што малітву ў Курапатах, а таксама на месцы нацысцкага лагера ў Трасцянцы, каталіцкія іерархі праводзяць штогод, а не толькі сёлета, як сцвярджае аўтар.
Нагадаем, у 2019 годзе ўлады знеслі частку крыжоў, усталяваных грамадскасцю ў Курапатах, якія былі бачныя з дарогі. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які быў тады Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, назваў гэта святатацтвам і абразай пачуццяў вернікаў.
«Курапаты - неад'емная частка гісторыі народа, без пазнання і ацэнкі якой ён не мае будучыні», - адзначаў каталіцкі іерарх, які таксама называў Курапаты Галгофай беларускага народа.
Related items
- «Бог даў нам адсутнасць паветранай трывогі». Пра Дзень дзіцяці ў Жытоміры распавёў біскуп
- Пад'ём у 3:30, маўчанне і ніякіх гаджэтаў. Адзіны ў свеце беларус камельдул наведаў родны горад
- Ці ўступаць у піянеры, спыталі ў вернікаў – частка адказаў здзівіла
- «Пад зямлёй адчула сябе шчаслівай». Беларуска працуе ў шахце і запрашае туды на Імшу
- Загадкі Каралевы Беларусі: уратавала ад маскоўскай акупацыі, знікла і зноў аб'явілася