Logo
Print this page

Святар-мастак намаляваў «партрэты птушак» і адкрыў выставу ў Віцебску

На карцінах ёсць і рэдкія птушкі, якім пагражае знішчэнне, а ідэя выставы – заклік да шанавання створанага Богам свету

У Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва 7 снежня адкрылі персанальную выставу каталіцкага святара Сяргея Сурыновіча «Птушыны вянок». Экспазіцыя з’яўляецца вынікам працы мастака-святара ў 2022 годзе. Экспанаваныя мастацкія творы – 31 карціна ў тэхніцы алей на палатне – натхнёныя разважаннямі над тэмамі і праблематыкай, узнятымі ў энцыкліцы Папы Францішка «Laudato si’».

«Вобразы, прадстаўленыя на палотнах, ахопліваюць невялікую частку жывёльнага свету, засяроджваюць позірк гледача на выявах птушак, што сустракаюцца ў нашай краіне, многія з якіх унесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, многім з якіх пагражае поўнае знішчэнне. Тэматыка выставы неназойліва і далікатна намякае гледачу, што, акрамя выяў крылатых жывых істот, у творах месціцца духоўны падтэкст і заклік да больш уважлівага і адказнага стаўлення, да беражлівага і клапатлівага шанавання створанага Богам свету», – гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Ксендз Сяргей Сурыновіч – пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі і вядомы ў беларускай культуры дзеяч. Ён ініцыятар шэрагу дабрачынных акцый, біблейскіх летнікаў, выступаў музыкаў і музычных калектываў у парафіях. Аўтар зборнікаў паэзіі, арганізатар Друйскага мастацкага пленэру, які штогод ладзіцца з 2016 году, і ў якім прыняло ўдзел больш за 150 мастакоў Беларусі і замежжа.

Media

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.