Logo
Print this page

«Божа, барані Беларусь» – помнік з такімі словамі і бюстам Ларысы Геніюш знеслі ў Зэльве

Помнік знакамітай паэтцы, праваслаўнай верніцы, якая пакінула глыбокую культурную хрысціянскую спадчыну, быў асвечаны і знаходзіўся на тэрыторыі храма.

У гарадскім пасёлку Зэльва Гродзенскай вобласці ў ноч на 30 сакавіка знік помнік знакамітай беларускай паэтцы Ларысе Геніюш. Ён знаходзіўся на тэрыторыі могілак праваслаўнага храма Святой Жываначальнай Тройцы. Хто знёс помнік, акроплены святой вадой, пакуль невядома – ні царкоўныя, ні свецкія ўлады дагэтуль не прызналі сваё дачыненне да гэтага.

Помнік быў усталяваны ў 2003 годзе па дабраславенні Мітрапаліта Філарэта, першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Ларысу Геніюш называлі ў Царкве адной з найвялікшых вызнаўцаў веры ХХ стагоддзя.

«Божа, барані Беларусь» – на помніку былі адлітыя такія словы з малітвы зняволеных ГУЛАГу, вязніцай якога была Ларыса Геніюш. Пасля 8 гадоў лагераў яна з мужам прыехала ў Зэльву. Паэтка была шчырай праваслаўнай верніцай, і ў мясцовым храме, насупраць якога яна жыла, яе ведалі як пастаянную прыхаджанку – амаль кожны дзень Ларыса Геніюш наведвала Літургію. Пасля смерці яе памяць шанавалі ў прыходзе. 

«Доўгі час пастаяннай прыхаджанкай царквы была рэпрэсаваная ў часы бязбожнага атэістычнага ліхалецця беларуская паэтка Ларыса Антонаўна Геніюш. У храме захавалася напрастольнае Евангелле, абкладзенае яе аксамітам. У памяць глыбокай культурнай хрысціянскай спадчыны, пакінутай Ларысай Геніюш, на тэрыторыі храма ўсталяваны помнік паэтцы», – гаворыцца на старонцы прыхода.

У публікацыях таксама адзначалася, што ў перыяд ганенняў атэістычнага савецкага рэжыму Ларыса Геніюш заставалася адданай Царкве, абараняла святара, а многія яе творы напоўнены хрысціянскім зместам.

Наш канал в Telegram – только важное. Подписаться >

Штогод у жніўні прыхаджане адзначалі Дзень памяці паэткі, Боскую літургію праводзілі ў гэты дзень на беларускай мове, настаяцель прыходу асвячаў помнік. Знесці яго патрабавала прарасійская актывістка Вольга Бондарава.

Last modified onЧацвер, 30 Сакавік 2023 18:08
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.