Logo
Print this page

«Не дазвольце...» Які запавет пакінула верніца, за каторую цяпер моляцца католікі

«Можам застацца за зачыненымі металічнымі дзвярыма, але і тады мы будзем мець веру», – пісала Аксана Ючкавіч, якую арыштавалі ў Беларусі.

Вядомая каталіцкая верніца Аксана Ючкавіч знаходзіцца ў зняволенні пасля затрымання 23 студзеня. 34-гадовая верніца паходзіць з Параф'янава, была каталіцкай журналісткай, у апошнія гады працуе выкладчыкам, у тым ліку ў Цэнтры славянскіх моў і культур.

«Таленавітая, добрая, натхняючая, пяшчотная, сціплая і адважная дзяўчына», – так адклікаліся пра Аксану ў адной з мінскіх парафій, дзе яна займалася са скаўтамі. Пазней верніца стала жыць у Заслаўі. Яна вядомая сваёй творчасцю – друкавала вершы ў газетах і часопісах, была сааўтарам кнігі для дзяцей. Аксана ладзіла многія каталіцкія мерапрыемствы, удзельнічала ў стварэнні хрысціянскага відэа-праекта.

«Найсвятлейшая», «наша сонейка», «сапраўдны анёл» – так пра яе напісалі сябры цяпер.

Сувязь з верніцай знікла ў той жа дзень, калі стала вядома пра затрыманні па ўсёй краіне адначасова каля 100 чалавек, многіх з якіх вінавацяць ва ўдзеле ў валанцёрскім праекце па харчовай дапамозе сем'ям зняволеных.

Katolik.life даведаўся, што Аксану, як і многіх іншых затрыманых, не адпусцілі пасля допыту. У сяброў няма пра яе ніякай інфармацыі, пры гэтым адна з крыніц мяркуе, што верніцу затрымалі ў межах крымінальнай справы. Яна знаходзіцца ў ізалятары, дзе такога роду зняволеных часта трымаюць у асабліва жорсткіх умовах – перапоўненых халодных камерах, без цёплай вопраткі, падушак і матрацаў, пры гэтым многім даводзіцца спаць на бетоннай падлозе. Таму цяпер Аксана асабліва патрабуе малітвы.

На старонцы Аксаны ў сацыяльнай сетцы застаўся допіс, які можна назваць запаветам. Працытуем яго цалкам:

Не дазвольце, каб скралі самае дарагое, што маеце. Веру. Бо можам страціць усё, заробкі, уплывы, маёмасць, застацца за зачыненымі металічнымі дзвярыма ў памяшканні без вакон і ў поўнай адзіноце і цемры, але і тады, застаўшыся без нічога, мы будзем мець яе - веру. І яна правядзе нас калідорам супакою, напоўніць надзеяй і дапаможа стрымаць самую цёмную цемру і холад.

Не дазвольце, каб у вас знішчылі Любоў, якая ў той жа цемры і халадэчы, не дазволіць нарадзіцца страху і абагрэе ледзяныя пальцы. Не дазвольце, каб у вас знішчылі сувязь з сям'ёй, як з сям'ёй па крыві, так і сям'ёй вашага народу. Традыцыі, якія мы выносім з нашых сем'яў, таксама адзін з галоўных чыннікаў, каб захаваць сябе і пранесці святло далей.

Не дазвольце, каб у нас знішчылі спачуванне, бо менавіта яно ратуе тых, хто знаходзіцца ў бядзе: за кратамі, у шпіталях, на вуліцах...

Не дазвольце, каб у нас знішчылі памяць. Бо менавіта яна дапамагае нам захоўваць нашую годнасць і ганарыцца нашым мінулым, а праз гэта будаваць сумленную будучыню і супрацьстаяць злачынствам супраць чалавечнасці. І быць адважнымі ў гэтым супрацьстаянні.

Беражыце кожнага чалавека, які побач.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Працытуем таксама адзін з вершаў Аксаны, які добра яе характарызуе:

Як толькі пачнецца вясна

Ператвары мяне, Магутны Божа,

у лісток трыпутніка з прыдарожжа,

каб прыкласці да раны глыбокай, крывавай,

як вуж чорнай, запеклай і вузкай,

ты пытаеш, дзе рана тая?

там, дзе я называю сябе беларускай...

Last modified onЧацвер, 25 Студзень 2024 09:48
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.