Logo
Print this page

Папа: абарона прыроды - абавязак не “зялёных”, а хрысціян

"Хрысціянін, які не бароніць стварэння, не дапамагае яму расці – гэта хрысціянін, якога не хвалюе праца Бога".

Хрысціяне пакліканы бараніць стварэнне, нагадаў папа Францішак 9 лютага 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Пантыфік падкрэсліў, што справа стварэння, пра якую ідзе гаворка на старонках Кнігі Быцця, не была закончана і яе працягнуў Езус, вяртаючы людзям збаўленне. “Езус прыйшоў адрадзіць тое, што было знічшана грахом”, сказаў ён.

Тут, паводле Святога Айца, гаворка ідзе пра сапраўднае “другое стварэнне” – яшчэ “больш цудоўнае за першае”. На “першае”, якім з’яўляецца стварэнне сусвету, неабходна адказаць клопатам аб прыродзе, перакананы Францішак. “Мы з’яўляемся гаспадарамі створанага, а не валадарамі”, нагадаў ён. Клопат аб прыродзе, на думку Папы, гэта цалкам хрысціянская справа. “Калі мы чуем, што людзі збіраюцца, каб паразважаць аб абароне стварэння, можам падумаць: “Гэта зялёныя”. Не, яны не “зялёныя”! Гэта па-хрысціянску! Гэта наш адказ на першае стварэнне Бога! Гэта наша адказнасць! Хрысціянін, які не бароніць стварэння, не дапамагае яму расці – гэта хрысціянін, якога не хвалюе праца Бога, праца, крыніцай якой з’яўляецца любоў Бога да нас”, сказаў Святы Айцец.

У сваю чаргу, адказам хрысціян на “другое стварэнне”, павінна быць прымірэнне з Богам і людзьмі, “вытрываласць у веры”, лічыць Францішак. Ён заклікаў “крочыць шляхам унутранага прымірэння, прымірэння ў супольнасці, таму што прымірэнне – гэта справа Хрыстовая”. На заканчэнне гаміліі Святы Айцец заклікаў вернікаў маліцца, каб годна адказаць на справу любові, якую учыніў і працягвае чыніць Бог.

radiovaticana.va

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.