Logo
Print this page

Заданне для новага біскупа: Евангелізацыя і беларускі патрыятызм [ВІДЭА]

Бп. Аляксандр Яшэўскі пачне служэнне згодна са словамі свайго дэвізу: калі ў цябе ёсць Бог, у цябе ёсць усё.

Прадстаўнік Святога Айца Апостальскі Нунцый aрцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці звярнуўся да прысутных у мiнскай архікатэдры 9 чэрвеня з цёплай прамовай з нагоды прызначэння прэзбітэра Аляксандра Яшэўскага, члена Салезіянскай Кангрэгацыі, дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

«Новыя біскупы - не толькі знак любові Папы да Касцёла ў Беларусі, але і сведчанне таго, што гэты Касцёл узрастае, павялічваецца, за што мы ўсе павінны падзякаваць Богу. У Беларусі нялёгка знайсці кандыдатаў на новага біскупа, найперш таму, што ваш Касцёл вельмі малады, але гэта і вашае шчасце», - зазначыў прадстаўнік Папы.

Апостальскі Нунцый паведаміў, што асабіста ўзначаліць цэлебрацыю біскупскага пасвячэння ад імя Святога Айца, якая адбудзецца ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі 27 чэрвеня 2015 г. у 11.00.

«Заданне Яго Эксцэленцыі біскупа Аляксандра будзе вельмі канкрэтным і вельмі адказным... Па просьбе арцыбіскупа ён быў прызначаны дапаможным біскупам менавіта для Магілёўшчыны. Гэта тая зямля, якая калісьці даўно была вельмі славутая каталіцкай прысутнасцю на ёй. І зараз мы маем заданне адрадзіць гэтую прысутнасць», - сказаў Нунцый.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці распавёў пра гісторыю Магілёўскай архідыяцэзіі ў ХІХ і ХХ стагоддзях, пра тое, як мясцовыя біскупы змагаліся супраць антыхрысціянскай прапаганды і былі вымушаныя цярпець пераслед за сваю вернасць Касцёлу, калі Беларусь была акупаваная Расійскай імперыяй і СССР.

Пад кіраўніцтвам Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча новы біскуп будзе дапамагаць каталіцкім супольнасцям Магілёўшчыны, каб рэлігійнае жыццё там узрастала, уздымалася і ўмацоўвалася.

«Таксама неабходна дапамагчы гэтым людзям адкрыць свае карані, сваё нацыянальнае паходжанне, каб яны таксама адчувалі сябе ўкаранёнымі ў сваю беларускую глебу. У той жа час падтрымліваючы адносіны павагі з суседскімі славянскімі народамі, з уладамі Праваслаўнай Царквы, з усім палітычным, эканамічным і культурным асяроддзем Магілёўшчыны», - акрэсліў абавязкі новага дапаможнага біскупа Нунцый.

А. Аляксандр Яшэўскі расказаў, што сёлета адзначае 15-годдзе святарства. Новапрызначаны іерарх пачне служэнне згодна са словамі свайго дэвізу, які кажа, што калі ў цябе ёсць Бог, у цябе ёсць усё.

Catholic.by

Media

Last modified onСерада, 10 Чэрвень 2015 10:50
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.