Інсцэніроўкі Ўваходу Езуса ў Іерусалім і Крыжовага шляху пакажуць у Мінску
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Царква
- Add new comment
А ў Гродна католікі правядуць працэсіі вуліцамі горада.
Напярэдадні Вялікадня католікі Мінска і Гродна зладзяць традыцыйныя масавыя мерапрыемствы. 19 сакавіка вернікі Гродна запрашаюцца прыняць удзел у малітоўным разважанні Крыжовага шляху. Вернікі пройдуць са свечкамі вуліцамі горада, разважаючы над стацыямі Крыжовага шляху Езуса Хрыста.
20 сакавіка, у Пальмовую нядзелю, у Гродне адбудзецца святочная працэсія і святая Імша, якую будзе цэлебраваць біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Удзельнікі пройдуць па Савецкай плошчы да катэдральнага касцёла св. Францішка Ксаверыя. Усім удзельнікам патрэбна ўзяць з сабой вербы. Як і ў мінулыя гады, будзе праходзіць своеасаблівы «конкурс вербаў». Кожная гродзенская парафія, а таксама моладзевыя суполкі будуць прэзентаваць свае святочныя вербы.
20 сакавіка ва ўсіх каталіцкіх парафіях Беларусі пройдуць урачыстасці Пальмовай нядзелі з традыцыйным асвячэннем вербаў. З Пальмовай нядзелі распачынаецца перажыванне пасхальнай таямніцы смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста. У мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч будзе асвячаць вербы на трох ранішніх Імшах: у 10.00, 11.30 і 13.00. Перад кожнай святой Імшой ля касцёла пройдзе інсцэніраваная працэсія з удзелам асляняці і біблійных персанажаў на ўспамін уваходу Хрыста ў Ерузалем для здзяйснення пасхальнай таямніцы.
А 23 сакавіка ўвечары ля касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску пройдзе Містэрыя мукі і любові Пана (інсцэніраваны Крыжовы шлях), які будзе праводзіць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Містэрыя стане аповедам пра апошнія дні зямнога жыцця Хрыста і гісторыю збаўлення чалавецтва. Тэатралізаваная пастаноўка пакажа гледачам прадажнасць Юды, баязлівасць Пілата, бязлітаснасць натоўпу на чале з фарысеямі, адрачэнне Пятра, перасцярогі Анёла і спакусы д’ябла. Але найперш - мужную, ахвярную і міласэрную любоў Збаўцы. Спектакль стане не толькі яскравым відовішчам, але і асаблівай духоўнай падрыхтоўкай да перажывання велікодных святаў. Пасля Крыжовага шляху арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліць святую Імшу ў касцёле.
Related items
-
Ксёндз Завальнюк папрасіў памерлага біскупа Велікасельца заступніцтва ў асаблівай справе
-
Войска, пасвячэнне, усмешка. Топ-7 фота Казіміра Велікасельца да 30 дзён яго смерці
-
«Вялікая бяда». Двум святарам у Беларусі не працягнулі дазвол на служэнне – без пастыраў засталіся адразу шэсць (!) парафій
-
Немцы з'ехалі, беларусы памерлі, святароў выслалі. Што стала з католікамі Валгадонска, дзе знеслі храм
-
Упершыню ў Беларусі зарэгістравалі арганізацыю капуцынаў. Чаму гэта важна і дзякуючы каму гэта адбылося?