Logo
Print this page

75 год мучаніцтва святароў адзначылі пад Івянцом [фота]

Біскуп Юрый Касабуцкі цэлебраваў Імшу ў Баравікоўшчыне, куды прыйшлі пешыя пілігрымкі.

У нядзелю ў вёсцы Баравікоўшчына ля Івянца дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі цэлебраваў святую Імшу з нагоды 75-й гадавіны мучаніцкай смерці душпастыраў парафіі ў Пяршаях, благаслаўлёных айцоў францішканцаў Ахілеса Пухалы і Германа Стэмпеня.

У 1943 годзе фашысты вырашылі спаліць жыхароў вёскі Пяршаі за дапамогу партызанам. Справа ў тым, што напярэдадні ў рэгіёне адбылася значная падзея - аперацыя польскіх і савецкіх партызанаў, якая атрымала назву «Перазвон». Аперацыя таксама вядомая як Івянецкае паўстанне, калі быў разбіты цэлы нямецкі гарнізон, а горад быў захоплены партызанамі. Гэта было першае паўстанне такога маштабу на ўсёй акупаванай тэрыторыі Еўропы, і паўтарыць яго больш ніхто не змог на працягу Другой сусветнай вайны.

У адказ на паўстанне фашысты вырашылі правесці карную аперацыю «Герман» у гонар Германа Герынга, другога чалавека пасля Гітлера ў нацыстскай Нямеччыне.

І вось у Пяршаях фашысты выгналі з дамоў каля 200 жыхароў. Да групы мужчынаў далучылі айцоў Ахілеса і Германа - іх папярэдзілі пра карную аперацыю.

Яны разумелі, што будуць забітыя, але не пакінулі паству, засталіся да канца са сваімі парафіянамі.

Святароў разам з амаль сотняю мужчынаў пагналі ў Баравікоўшчыну, затым карнікі адлучылі святароў, адвялі ў забудову, збілі, затым расстралялі і спалілі целы ў драўляным будынку. А астатніх людзей, якіх ужо сагналі ў гумно, каб спаліць, раптам адпусцілі.

Праз некалькі дзен людзі, якія выжылі ў лясах падчас карных аперацый, адшукалі на папялішчы парэшткі пастыраў і пахавалі іх пры касцёле ў Пяршаях, а на хвалях перабудовы вернікі аднавілі магілку сваіх дабрадзеяў. У 1999 годзе Папа Ян Павел ІІ далучыў айцоў Ахілеса Пухалу і Германа Стэмпеня да ліку благаслаўлёных. Штогод на месца пакутніцкай смерці святароў ідуць пешыя пілігрымкі з Івянца і Пяршаяў, тут праводзіцца святая Імша пры ўдзеле некалькіх соцень вернікаў.

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.