«Па сакрэце». Стала вядома, калі загучаць званы Чырвонага касцёла
- Written by Katolik.life
- Published in Царква
- Add new comment
Пробашч распавёў і яшчэ адну «таямніцу» - калі ідэю атрымаецца рэалізаваць, храм стане прыцягваць яшчэ больш турыстаў
Пробашч Чырвонага касцёла на пл. Незалежнасці ў Мінску (каталіцкая парафія св. Сымона і св. Алены) падзяліўся з парафіянамі сакрэтам. Гэта адбылося ў першую нядзелю Адвэнту - перыяду радаснага чакання Нараджэння Хрыстова, падрыхтоўкі да Прыходу Збавіцеля. На святой Імшы ксёндз Уладзіслаў Завальнюк распавёў пра свае ідэі адносна званоў у храме. Ён падкрэсліваў, што гаворыць таямніцу, аднак дазволім сабе падзяліцца ёю - бо трансляцыя службы вялася ў прамым эфіры, і аб'явы чулі многія госці парафіі.
Такім чынам, тры званы, якія нядаўна прывезлі ў Чырвоны касцёл, павінны ўпершыню прагучаць на Божае Нараджэнне, 25 снежня.
Вежа ўжо практычна гатовая да таго, каб усталяваць ўнутры электроніку, якая будзе кіраваць боем званоў. У бліжэйшы час святар адправіцца ў Польшчу, каб канчаткова расплаціцца за вырабленыя там званы, і запрасіць спецыялістаў для мантажу і наладкі сістэмы. Асвяціць званы пробашч папросіць Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.
І яшчэ адну ідэю аб званах распавёў кс. Уладзіслаў. Калі яе атрымаецца рэалізаваць, то неўзабаве ў касцёле будуць біць не толькі тры вялікія, але і шмат маленькіх званоў, якія пробашч разлічвае дадаткова замовіць у Польшчы.
Па задумцы святара, апоўдні ў Чырвоным касцёле будзе гучаць прыгожы перазвон - мелодыя з дапамогай вялікіх і маленькіх званоў.
А дапаможа ў гэтым прафесійны званар з Праваслаўнай царквы. Кс. Уладзіслаў упэўнены, што перазвон апоўдні будзе прыцягваць яшчэ больш турыстаў да Чырвонага касцёла.
Related items
- Адпраўка ў войска ў Беларусі адбываецца з удзелам святароў
- Пацалунак пад абразом і цягнік з адным вагонам – чым дзеліцца парафія ў глыбінцы
- З 7 дзецьмі пасля 25 сутак вядомы прапаведнік пакінуў Беларусь
- «У парафіі 15-20 асоб». Мітрапаліт абвясціў акцыю па падтрымцы Касцёла на Магілёўшчыне
- Беларусы даказваюць у судах «польскія карані» – з дапамогай веры