Logo
Print this page

Паслухайце, як на Імшы ў Лёзне замест аргана гучыць карнэт

Музыка прыязджае ў гарадскі пасёлак кожную нядзелю за 15 кіламетраў

У невялікім каталіцкім храме парафіі Святога Падрэ Піа ў гарадскім пасёлку Лёзна Віцебскай вобласці няма арганіста. Але затое ёсць свой музыка на духавых інструментах - выкладчык музычнай школы Ігар Лакотка. Кожную нядзелю ён прыязджае за 15 км на святую Імшу ў лёзненскую парафію і акампанементам на карнэце дапамагае парафіянам вывучаць новыя і ўдасканальваць добра вядомыя спевы, піша catholicnews.by.

Літургія з музычным суправаджэннем выглядае больш урачыстай, гаворыць пробашч парафіі ксёндз Аляксей Ляшко.

- Я з радасцю пагадзіўся іграць на святой Імшы, таму што бачу: парафіянам не стае дакладнасці ў выкананні спеваў. Большасць з іх не ведае нотаў, а хочацца, каб спевы гучалі правільна, - адзначае Ігар Лакотка. - Людзі любяць зацягваць спевы. Я па нотах бачу, што тэмп павінен быць іншы. Бывае і так, што калядныя спевы, якія па сваім характары вельмі жывыя і радасныя, гучаць у выкананні парафіян вельмі распеўна.

Дарэчы, музыка прызнаўся, што хоць і быў ахрышчаны ў касцёле, цяпер ён толькі і памятае малітву «Ойча наш». Але з новым заняткам пачаў успамінаць свае карані і пакрысе спазнаваць каталіцкую традыцыю.

Media

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.