Logo
Print this page

На Беларускім радыё ў нядзелю зноў будуць трансляваць святую Імшу

Белтэлерадыёкампанія абвясціла аб правядзенні акцыі «Малітва за мір і адзінства»

Аб правядзенні акцыі «Малітва за мір і адзінства» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё абвясцілі ў Белтэлерадыёкампаніі. У анонсе гаворыцца аб тым, што акцыя пачнецца ў нядзелю 11 красавіка з перадачы Беларускага экзархату Праваслаўнай царквы «Духоўнае слова» ў 7.30 і «працягнецца ў 8.15 сумеснай з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі трансляцыяй нядзельнай пропаведзі».

Мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе пра трансляцыю святой Імшы з архікатэдральнага касцёла ў Мінску, якая пачынаецца ў 8.15. Пакуль у праграме перадач радыё на 11 красавіка, апублікаванай на сайце Белтэлерадыёкампаніі, трансляцыі святой Імшы няма. Пасля «Духоўнага слова» запланаваны навіны, а ў 8.15 - праграма «Любімая пласцінка».

Нагадаем, 23 жніўня 2020 года ўпершыню за шмат гадоў каталіцкія вернікі па ўсёй краіне не змаглі пачуць радыётрансляцыю службы, якая кожную нядзелю ў 8.15 вялася на Беларускім радыё. Тады гэта патлумачылі тэхнічнымі прычынамі, але з тых часоў трансляцый святых Імшаў так і не было. Сталі паступаць шматлікія просьбы ад вернікаў аб магчымасці аднаўлення трансляцый, якія слухала вялікая колькасць людзей, пераважна пажылых, па ўсёй краіне.

У студзені 2021 года пасля ўступлення на пасаду Апостальскага Адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі вырашана было ў чарговы раз падаць кіраўніцтву Белтэлерадыёкампаніі просьбу аднавіць трансляцыі з архікатэдральнага касцёла.

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.