Logo
Print this page

Рыхтаваліся тыдзень. Паглядзіце, якія дываны з жывых кветак зрабілі ў Іўі

Так ўпрыгожылі алтары для працэсіі Божага Цела, якая прайшла ў цэнтры горада

Асаблівую працэсію Божага Цела правялі 6 чэрвеня ў парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі. Чатыры алтары ў цэнтры горада, да якіх падыходзілі вернікі, упрыгожылі вялікімі дыванамі з кветак.

- Да стварэння алтароў - вельмі сур'ёзны падыход. Спачатку вызначаюцца духоўныя асобы, малітоўныя суполкі і жыхары Іўя, якія на працягу тыдня збіраюцца, каб прыдумаць дызайн алтара, рыхтуюць матэрыялы і кветкі. Раніцай перад працэсіяй іўеўчане ўсталёўваюць алтары і выкладаюць дываны, - распавялі на старонцы Іўеўскага дэканату.

На дыванах адлюстраваныя эўхарыстычныя сімвалы і матывы. Стваральнікі дэкарацый такім чынам выражаюць сваю пашану да Найсвяцейшага Сакрамэнту. Самым вялікім атрымаўся дыван каля помніка ў гонар адзінства і сяброўства канфесій Іўешчыны, на ім былі словы "Езу, давяраю Табе!". У яго стварэнні прынялі ўдзел бацькі дзяцей, якія тыдзень таму ўпершыню прыступілі да Першай Камуніі. Падчас працэсіі хлопчыкі і дзяўчаты нават сталі часткай алтара, упрыгожыўшы яго.

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.