Logo
Print this page

«Больш за ўсё паўплываў Касцёл». Студэнт са Шры-Ланкі распавёў, як ён «стаў беларусам»

Хлопец вучыў беларускую мову па малітвах і літургічных чытаннях - так пачалася яго самаінтэграцыя ў каталіцкую беларускую культуру

Сярод мноства замежных студэнтаў, якія прыязджаюць вучыцца ў Беларусь, шры-ланкіец Крыс Харыс - асаблівы. Мы ўжо распавядалі, як хлопец у вольны ад вучобы час служыў міністрантам ля алтара ў каталіцкай парафіі ў Віцебску. Больш за тое - вывучыў многія малітвы на беларускай мове і чытаў з амбона ў касцёле. І вось Крыс скончыў сваю вучобу, атрымаў адукацыю інжынера і з'ехаў на радзіму. У казачную Шры-Ланку хлопец ўзяў некалькі кніг на беларускай мове і патлумачыў:

- Бяру сабой гэтыя бясцэнныя рэліквіі. Каб вечна нагадваць сабе аб сваёй самаінтэграцыі ў каталіцкую беларускую культуру і аб маім наступным ператварэнні ў беларуса.

Katolik.life папрасіў Крыса больш падрабязна расказаць пра ягоную «самаінтэграцыю», якая змяніла жыццё хлопца.

- Усё пачалося са служэння ля алтара. У дзяцінстве я заўсёды марыў стаць міністрантам, але ў мяне на радзіме не было такога шанцу. У маіх бацькоў, якія былі дзяржаўнымі службоўцамі, не было часу дапамагаць мне вучыцца ў царкве. І вось, у Віцебску аднойчы мне прадставіўся выпадак служыць ля алтара падчас святой Імшы на ангельскай мове ў касцёле Святога Духа. Гэта было неверагоднае пачуццё - ажыццявіць мару ўсяго жыцця. Літаральна на наступным тыдні, толькі пры другім маім з'яўленні ля алтара, адбыўся цуд. Біскуп Алег Буткевіч прыбыў у парафію на свята Хрыста-Цара, і мяне выбралі як аднаго з міністрантаў. Я нёс пастырскі кій біскупа. Я быў уражаны. У той дзень маё жыццё змянілася.

З тых часоў Крыс стаў служыць кожную нядзелю, затым атрымаў дазвол ад святара служыць падчас штодзённых беларускіх службаў і пачаў наведваць касцёл 7 разоў на тыдзень.

- Чым больш я захапляўся царквой, тым лепшай станавілася мая руская мова. Я палепшыў сваю здольнасць мець стасункі з мясцовымі жыхарамі і даведаўся больш рэчаў. Я настолькі прывык да касцёльнага асяроддзя, што мне захацелася прыняць больш актыўны ўдзел. Я стаў чытаць малітву вернікаў на беларускай мове падчас літургіі з амбона. Я рабіў здымкі чытанняў на заўтра, практыкаваў іх на ноч і прыходзіў чытаць з амбона на наступны дзень. Гэта натхняла святароў і іншых вернікаў.

Крыс кажа, што працягваў пастаянна вучыцца, і ў выніку стаў чытаць усе асноўныя малітвы на беларускай мове: «Ойча наш», «Радуйся, Марыя», «Слава...»:

- І таксама ўсе малітвы, якія з'яўляюцца часткай каталіцкай літургіі. У імгненне вока я стаў удзельнічаць у Імшы, як сапраўдны беларус. Я таксама вывучыў некалькі гімнаў і некаторыя ключавыя фразы каталіцкай беларускай культуры: «Хвала Хрысту», «Хвала навекі», «З Богам». Я, напэўна, адзіны замежны студэнт у гісторыі Беларусі, які падышоў да такіх стандартаў!

Крыс развіваўся і адчуў заклік перайсці з парафіі Святога Духа, адчуўшы, што ў Бога ёсць яшчэ больш важны план на ягонае жыццё:

- Гэта аказалася адным з лепшых рашэнняў, якія я калі-небудзь прымаў. Для мяне адкрыўся цэлы новы свет магчымасцяў. Немагчыма дасягнуць вялікага, калі не гатовы выйсці за межы сваёй зоны камфорту і прыняць перамены. Я стаў наведваць адразу два храма: катэдру Езуса Міласэрнага і касцёл святой Барбары. Там я далучыўся да хору моладзевай групы, хадзіў на рэпетыцыі перад вячэрняй Імшой. А ў саборы стаў самым старэйшым міністрантам, служыў на ўсіх святах, хадзіў у пілігрымкі - у мяне з'явілася шмат сяброў з розных куткоў краіны. Гэта быў фенаменальны досвед.

Каталіцкая царква стала адпраўным пунктам і аказала найбольшы ўплыў на самаінтэграцыю ў беларускую культуру, працягвае хлопец. Вядома, вялікай рухаючай сілай быў і універсітэт:

- Беларусь стала для мяне роднай краінай - нават больш, чым Шры-Ланка. Жыццё стала такім камфортным і такім натуральным. Стаць беларусам - значыць, быць чалавекам, які авалодаў культурай, і адзіным цэлым са сваім грамадствам і навакольным асяроддзем. І я адчуваю, што зрабіў менавіта гэта.

Дарэчы, Крыс быў актыўным вернікам з дзяцінства, але калі праваліў выпускныя іспыты ў старэйшай школе, на некаторы час страціў надзею:

- Я перастаў быць рэлігійным на год, але ніколі па-сапраўднаму не здаваўся. Прыехаўшы ў Беларусь, мая вера адрадзілася. Я зразумеў, што памыляўся. Я зразумеў, што жыццё без Бога не мае сэнсу. Без Бога я нішто і нічога не магу зрабіць. Адбылася новая рэвалюцыя ў маіх адносінах з Хрыстом і Ягонай царквой. Цяпер мая вера больш моцная і трывалая, чым калі-небудзь раней.

Media

Last modified onЧацвер, 29 Ліпень 2021 16:09
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.