Logo
Print this page

«Кветкаводы хацелі мець сваю заступніцу». Незвычайная падзея адбылася ў Карэлічах

Тут з'явіўся абраз малавядомай у Беларусі святой Ружы Лімскай - першай святой Амерыканскага кантынента. Напісаў абраз мясцовы мастак, а свята ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі

Урачыстасць інтранізацыі абраза св. Ружы Лімскай адбылася 27 лістапада ў паўлінскім касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах (Гродзенская дыяцэзія). Урачыстую св. Імшу цэлебравалі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, пробашч ў Бярозаўцы кс. Андрэй Радзевіч, пробашч у Казлоўшчыне кс. Андрэй Пышынскі і айцы Паўліны - а. Ежы Саковіч OSPPE i а. Ануфрый Альховік OSPPE. Памаліцца да паўднёваамерыканскай святой прыбылі шматлікія госці, сёстры Дамініканкі, Уршулянкі, Францішканкі ад церпячых, брат Баніфратар. Таксама вернікі мелі магчымасць яднацца ў малітве дзякуючы трансляцыі Радыё Марыя.

Абраз св. Ружы напісаў мастак з Бярозаўкі сп. Міхал Савашынскі. Святая дамініканка з Лімы апякуецца садаводамі, кветкаводамі і дапамагае ў сем'ях, якія перажываюць крызісы. Св. Ружа Лімская была першай святой Амерыканскага кантынента. Пражыла святая Ружа ўсяго 31 год (з 1586 па 1617 гг.). Нарадзілася ў Перу і падчас хросту атрымала імя Ізабэла. Аднак праз далікатную скуру многія называлі яе Ружай.

Святая адмовілася ад прапановы выйсці замуж і рана пачала працаваць, займаючыся продажам кветак і шыццём. У 20 гадоў уступіла ў Трэці ордэн дамініканак. Шмат часу праводзіла ў малітве і посце, аказвала дапамогу бедным і хворым, асабліва індзейцам і нявольнікам. Дзень смерці прадбачыла сама. Да шэрагу святых была далучана ў 1671 г. У нашай краіне св. Ружа малавядомая.

Чаму менавіта гэтая святая заняла месца ў карэліцкім касцёле? На гэта ёсць некалькі прычын. У Карэлічах паслугоўваюць айцы Ордэна св. Паўла Першага Пустэльніка, харызмат якіх вельмі блізкі да харызмату св. Ружы. Па прыкладзе св. Кацярыны Сіенскай яна праводзіла аскетычнае жыццё. Удзень працавала, а увечары да позняй гадзіны праводзіла час у самотнасці на малітве ў сваёй пустэльні.

Карэліцкія парафіяне з радасцю падтрымалі ініцыятыву пробашча а. Ежы Саковіча, каб адзін з бочных алтароў святыні прысвяціць св. Ружы. У мястэчку жыве шмат кветкаводаў, якія хацелі б мець сваю нябесную апякунку. Варта таксама зазначыць, што да св. Ружы звяртаюцца з просьбай аб прымірэнні ў сем’ях. Успамін св. Ружы ў Каталіцкім Касцёле прыпадае на 23 жніўня, а ў некаторых краінах 30 жніўня. Вернікі, якія хацелі б прыехаць у Карэлічы ў пілігрымцы да св. Ружы Лімскай, могуць патэлефанаваць айцам Паўлінам: +375292828676, +375257822313.

Малітва да Св. Ружы Лімскай

Святая Ружа, ты любіла паўтараць, што калі б людзі ведалі, што азначае жыць у ласцы, не баяліся б ніякага цярпення і ахвотна зносілі б усялякія цяжкасці, таму што ласка - гэта плод цярплівасці. Вучы мяне, як быць верным Пану Богу, калі напаткаюць цяжкія і нават невыносныя выпрабаванні. Выпрасі мне ў Бога асабліва тыя дары, якія мне неабходныя цяпер. І не забывайся пра мяне ў тыя хвіліны, калі не адчуваю прысутнасці Бога ў маім жыцці. Будзь пры мне тады, калі мне патрэбны хтосьці, хто мне пакажа Бога. І дай мне больш цярплівасці да самога сябе. Амэн.

Media

Last modified onПанядзелак, 29 Лістапад 2021 17:50
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.