Logo
Print this page

Цудоўная знаходка: у бервяне сялянскай хаты была схавана фігура Хрыста

Яшчэ б момант, і бензапіла пашкодзіла б статуэтку - але яна раптам заглухла

У вёсцы Ваўкалаты Докшыцкага раёна мясцовы жыхар Павел Кімстач цудоўным чынам знайшоў старадаўнюю статуэтку Езуса Хрыста. Напярэдадні калядных святаў механізатар мясцовага аграпрадпрыемства пілаваў бярвенні. Раптам бензапіла заглухла. Павел праверыў яе, завёў пілу зноў, павярнуў бервяно - і тут з сярэдзіны дрэва выкацілася на снег ярка расфарбаваная драўляная фігура Сына Божага! Яшчэ б момант, і піла пашкодзіла б яе.

Драўляная паўметровая статуэтка выдатна захавалася і не мае ніякіх пашкоджанняў, хаця драўніна вакол яе схованкі была паедзена шашалем, піша раённая газета.

Высветлілася, што тое самае бервяно патрапіла з суседняй вёскі Віржы, дзе разбіралі закінутыя сядзібы. Павел перавёз бярвенні старога хлява на свой падворак, каб парэзаць іх на дровы.

Мясцовы краязнаўца, каталіцкі вернік Кастусь Шыталь пракаментаваў цудоўную знаходку:

- Гэта выява Езуса Хрыста Антокальскага. Яе першаўзор прывезлі з Гішпаніі манахі трынітарыі. Першапачаткова фігура была ў кляштары трынітарыяў на Антокалі ў Вільні, цяпер знаходзіцца ў касцёле Пятра і Паўла там жа на Антокалі. Фігуры, выразаныя на падабенства Антокальскай, былі распаўсюджаныя ў розных месцах Вялікага Княства Літоўскага - у нашым краі захаваліся ў царкве ў Порплішчы і ў касцёле (былым трынітарскім) у Крывічах. Інвентары сведчаць пра іншыя фігуры Езуса Хрыста Антокальскага, якія не дайшлі да нашага часу.

Як фігура трапіла ў схованку ў бервяне вясковай хаты? Краязнаўца адзначае, што самым верагодным варыянтам здаецца, што яе маглі схаваць ад уладаў падчас камуністычнага рэжыму.

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.