Logo
Print this page

"Чаму, навошта, калі гэта ўсё скончыцца?" Адказаў біскуп Касабуцкі

Каталіцкі іерарх нагадаў, што гісторыя нашага зямнога жыцця - гэта вандроўка да Божага Валадарства

Ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкай царквы біскуп Юрый Касабуцкі напісаў паведамленне на сваёй старонцы ў сацсетцы па шматлікіх просьбах вернікаў.

- Адзначылі мы ўрачыстасць Унебаўшэсця Госпада. Гэта свята кіруе наш позірк у вышыні неба і звяртае ўвагу на прызначэнне кожнага чалавека - Божае Валадарства. Тут, падчас зямнога жыцця, мы перажываем шмат выпрабаванняў, цяжкасцяў, незразумелых момантаў і нават часам ўваходзім у роспач, перажываем сумневы, расчараванні, дэпрэсіі... Разважаючы пра розныя падзеі, якія мы перажываем, я таксама часта задаю падчас малітвы пытанні: чаму? навошта? як так можа быць? калі ж ужо гэта ўсё скончыцца?

Гэтыя пытанні складаныя, прызнае іерарх, і яны актуальныя для большасці з нас сёння. Ён працягнуў:

- Я думаю, што варта задаць сабе таксама пытанне, а што праз гэтыя падзеі Бог хоча сказаць сёння нам? На што Ён хоча звярнуць увагу?

Біскуп адзначае, што гісторыя нашага зямнога жыцця - гэта вандроўка да Божага Валадарства, куды ўвайшоў Хрыстос, каб "падрыхтаваць месца" для нас:

- У любой сітуацыі, у любых умовах мы перш за ўсё павінны заставацца людзьмі з вялікай літары... Запаведзь любові сёння асабліва актуальная (варта паразважаць над словамі Збаўцы "любіце непрыяцеляў вашых"), малітва неабходная нам больш, чым паветра, а мы ведаем, што малітва - гэта вялікая сіла, здольная нават горы перавярнуць... Інтэнцыі малітвы мы ўсе добра ведаем...

Біскуп Касабуцкі нагадаў, што Хрыстос чакае нас у сваім Валадарстве, і завяршыў разважанне малітвай: "Дай нам, Божа, дзякуючы Тваёй ласцы і дапамозе, сустрэцца ў гэтым Валадарстве!"

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.