«Вокны выбілі не пажарныя». Што адбываецца з зачыненым Чырвоным касцёлам?
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Comments (1)
З'явіліся новыя падрабязнасці здарэння, а храм наведалі следчыя
Каталіцкія вернікі Мінска паведамілі апошнія звесткі аб тым, што адбываецца з Чырвоным касцёлам, зачыненым пасля дзіўнага інцыдэнта. 29 верасня ў храме была следчая група, якая дазволіла работніку касцёла агледзець не ўсе памяшканні:
«Пусцілі не ўсюды. На пытанні неахвотна адказвалі, вочы апускалі. Сказалі, што праз два дні аддадуць ключы, каб навесці парадак і ліквідаваць непаладкі нібыта ў пажарнай сістэме, тады можна будзе адчыніць касцёл».
Вернікі адзначаюць, што так следчыя казалі і адразу пасля пажару, але потым мясцовыя ўлады прынялі рашэнне аб закрыцці храма на нявызначаны тэрмін.

Таксама з'явіліся некаторыя падрабязнасці здарэння:
«Вокны дакладна не выбівалі пажарныя. Так сказалі супрацоўнікі касцёла. Пажарным адкрыла дзверы дзяжурная, не было патрэбы разбіваць вокны. Яны былі разбітыя раней. У МНС пацвердзілі, што звычайна не разбіваюць вокны – толькі калі зачыненыя дзверы».
Паводле вернікаў, працаўнікі касцёла звярталі ўвагу міліцыі, што нехта выбіў вокны раней:
«І ахоўнікі будынку насупраць бачылі, што нехта круціўся ўначы перад вокнамі касцёла, перад тым як прыехалі пажарныя. У іх забралі запісы відэаназірання. На другім паверсе ўсярэдзіне выгараны толькі адзін пакойчык – там, дзе выбіта шкло. Злева і справа пакоі не кранутыя агнём».
Нагадаем, у МНС заявілі, што ў храме загарэлася электраправодка, аднак пажар тушылі вадой, што можа аспрэчваць афіцыйную версію.

З моманту закрыцця касцёла, 26 верасня, група вернікаў збіраецца на малітву пад сценамі храма штовечар.
Related items
-
Квіткі ў касцёл раскупілі за хвіліны. Храм у Брэсце ператвараюць у канцэртную залу: меркаванні і пытанні вернікаў
-
Узнікла пагроза закрыцця каталіцкай прасторы ў Брэсце – вернікі просяць аб малітве
-
«Імшы не будзе». Старадаўні касцёл у Ружанах застаўся без святара
-
На новы навучальны год дабраславілі ў касцёлах Беларусі – топ-5 фота і відэа
-
«Боль для ўсіх нас». Яшчэ адзін святар вымушана пакідае Беларусь – пасля 32 гадоў служэння