Logo
Print this page

Чатыры месяцы як Чырвоны касцёл у Мінску закрыты: апошнія навіны

Збіралі талую ваду, пісалі звароты да дзяржслужачых – якая рэакцыя?

Прайшло чатыры месяцы з таго часу, як Чырвоны касцёл у Мінску «зачынены для Езуса Хрыста і для вернікаў», паведаміла парафія святога Сымона і святой Алены 28 студзеня:

«Чатыры месяцы, як мы пазбаўлены вялікай Божай ласкі, якая штодзённа сплывала на ўвесь наш горад са Святых Імшаў, што служыліся на працягу дня».

Пасля звароту ў Следчы камітэт аб вяртанні парафіяльнай маёмасці, якая была забраная 26 верасня пасля інцыдэнту з выбітымі вокнамі і ўзгарання ў сакрыстыі, міліцыя перадала прадстаўнікам касцёльнага камітэта апаратуру, у тым ліку камеры відэаназірання і кампутар.

Таксама ў парафіі паведамілі, што напісалі ўжо другі ліст да старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага Схода Наталлі Качанавай з просьбай вярнуць касцёл вернікам. Раней з падобнай заявай касцёльны камітэт звяртаўся да міністра замежных спраў Сяргея Алейніка, былога дыпламатычнага прадстаўніка Беларусі ў Ватыкане, і нават да кіраўніка БПЦ Мітрапаліта Веніяміна – з просьбай паспрыяць у аднаўленні дзейнасці парафіі ў Чырвоным касцёле. Пра рэакцыі на гэтыя заявы нічога не вядома, але касцёл паранейшаму закрыты.

У плябаніі, якую адмовіліся пакінуць святары і прадстаўнікі касцёльнага камітэта, няма не толькі цяпла, але і вады – пра гэта паведамлялася ў пачатку студзеня. Таму тых, хто прыязджае да плябаніі па духоўныя паслугі, просяць прывозіць з сабой чыстую ваду. А дагэтуль для санітарных патрэбаў святары збіралі талую ваду з даху.

Каля касцёла з'яўляецца шмат турыстаў з Расіі, «якія ходзяць групамі вакол храма і здзіўляюцца, чаму ён зачынены», паведамлялася ў парафіяльных аб'явах разам са зваротам да чыноўнікаў, адказных за сітуацыю: «Як можна так зневажаць роднае, якое – Святое?! Закрыць і апячатаць храм – Дом Божы, як звычайны склад ці вясковы сельмаг на пераўлік!? Не зневажайце свой народ і бойцеся Бога і яго пракляцця над вамі і сем'ямі вашымі».

Парафія просіць вернікаў не спыняць малітву ў інтэнцыі вяртання касцёла і аднаўлення ў ім парафіяльнага жыцця.

Last modified onПанядзелак, 30 Студзень 2023 16:48
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.