Мільён чалавек чакаецца на сустрэчы з Папам у Карэі
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Царква
- Add new comment
Нават мільён чалавек, у тым ліку 200 тыс. католікаў, могуць прыняць удзел у беатыфікацыі 124 карэйскіх мучанікаў падчас візіту папы Францішка ў Паўднёвую Карэю.
Яна адбудзецца 16 жніўня 2014 г. у цэнтры Сеула. Такое рашэнне было прынята аргкамітэтам папскага візіту, хоць у апублікаванай Святым Пасадам у сакавіку афіцыйнай праграме не было інфармацыі аб дакладным месцы ўрачыстасці. Цяпер ужо вядома, што гэта будзе зона паміж плошчай Кванхвамун і сталічнай ратушай. Св. Імша, якую ўзначаліць Пантыфік, пачнецца ў 10.00 і працягнецца больш за дзве гадзіны.
Пяцідзённае падарожжа Папы ў Паўднёвую Карэю адбудзецца 14-18 жніўня 2014 г. Яго асноўная мэта заключаецца ва ўдзеле Папы ў Азіяцкім дні моладзі.
Гэта будзе трэцяя замежная паездка Францішка, пасля Бразіліі і Святой Зямлі, а таксама трэці візіт Біскупа Рыма ў Карэі – раней, у 1984 г. і 1989 г., краіну наведваў Ян Павел II.
Карэйскае грамадства з энтузіязмам успрыняло пілігрымку Святога Айца. Мясцовыя СМІ выказалі надзею, што яго візіт можа прынесці мір для ўсяго рэгіёну. 5,3 млн. католікаў складаюць трэцюю па велічыні рэлігійную групу ў Паўднёвай Карэі. Гэта самая хуткарослая каталіцкая супольнасць у рэгіёне. Трэба адзначыць, што Карэя з’яўляецца адзінай краінай у Азіі, дзе Каталіцкі Касцёл паўстаў без удзелу еўрапейскіх місіянераў.