Logo
Print this page

«Гэта вера беларускага народа». Хто такая Ядзвіга Пастэрнак, якую Папа Рымскі назваў святой

Цяпер папскі пасланнік павязе Францішку здымак з мінскай моладдзю. А 10 год таму ён перадаваў Пантыфіку фота жанчыны з маленькай вёскі. Толькі зараз ён распавёў пра сакрэт: як простая беларуская верніца звязана з Папам Рымскім [відэа]

Падчас фэсту ў Будславе спецыяльны пасланнік Папы Рымскага арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці пабудаваў сваю гамілію на асобе беларускай верніцы Ядзвігі Пастэрнак. Гэта жанчына вядома тым, што ў 2013 годзе яна атрымала асабістую падзяку ад Папы Францішка, якую ён даслаў ёй на беларускай мове.

Перадачу ліста ад Пантыфіка тады арганізаваў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, які ў той час служыў Апостальскім нунцыем у Беларусі. Аднак толькі цяпер ён падзяліўся «маленькім сакрэтам», як ён сам назваў гэту інфармацыі, – пра незвычайную сувязь Папы Францішка з простай беларускай верніцай, якую ён ужо пры яе жыцці лічыў святой.

Мы выразалі фрагмент гаміліі папскага пасланніка ў Будславе, якую трансліраваў канал Catholic.by, і прапануем тэкставую вытрымку.

«Я наведваў парафіі, і адна пажылая жанчына, якая з цяжкасцю хадзіла, прачытала мне свой вельмі прыгожы ліст да Папы. Я даў яго перакласці і зрабіў фотаздымак жанчыны, якая яго чытала. Пры наступнай сустрэчы з Папам я паказаў яму фотаздымак і даў прачытаць ліст. Ён затрымаўся, паглядзеў – у яго былі слёзы на вачах. І ён сказаў мне: гэтая жанчына святая».

Паводле папскага легата, калі ён перадаў пані Ядзвізе ліст ад Папы, яна здзівілася: «Чаму мне такі гонар? Так, я хадзіла 30 гадоў шмат кіламетраў выкладаць катэхезу, так, мяне маглі за гэта забіць, але ж колькі жанчын рабілі тое самае, што і я».

Пазней, на працягу некалькіх гадоў, калі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўжо не служыў у Беларусі, Папа Францішак усё роўна заўсёды запытваў у яго пры сустрэчы: «Як пажывае Ядзвіга Пастэрнак?»

«Я здзіўляўся: як вы памятаеце пра яе? А ён адказваў: бо яна святая беларуская жанчына. Але гэта не канец гісторыі. Калі Папа прызначыў мяне на служэнне ў Рым, я спытаў: Святы Айцец, вы ўпэўнены? Такая вялікая адказнасць, а мне ўжо 67 гадоў! Ён адказаў: будзь спакойны! З Нябёсаў за цябе будзе заступацца Ядзвіга Пастэрнак. Папа, апярэджваючы ўсе кананізацыйныя працэсы, ужо абвясціў, што яна – святая».

Таксама Францішак запытваў, ці жыве яшчэ пані Ядзвіга, і даў арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці заданне даведацца пра гэта. Іерарх паказаў Папу відэа, на якім Ядзвіга Пастэрнак са шпіталю перадавала віншаванне з Раством Хрыстовым, але ёй было цяжка дыхаць і яна змагла вымавіць толькі два сказы:

«Гэта было вельмі кранальнае відэа. Я сказаў: Святы Айцец, праз некалькі дзен пасля таго, як яна даслала гэтае пасланне, яна памерла. Тады Папа замоўк на нейкі час... А вы сення маеце яшчэ адну заступніцу, якая стаіць побач з цудатворным абразом Маці Божай Будслаўскай – гэта Ядзвіга Пастэрнак. Жанчына, якая шмат гадоў захоўвала Найсвяцейшы Сакрамант у сваёй шафе – гэта вера беларускага народа».

Апісанне жыцця Ядзвігі Пастэрнак мы знайшлі ў зборніку навуковых работ БДАТУ. Прыводзім вытрымкі з тэксту.

Ядзвіга Пастэрнак жыла ў вёсцы Муляры Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Яна нарадзілася 6 красавіка 1927 года і была дзевятым дзіцем у глыбока веруючых бацькоў. «Звычайна дзень у доме пачынаўся малітвай маці, якая раніцай уставала раней за ўсіх. Потым маліўся бацька. Перад сняданкам гучала агульная малітва ўсіх членаў сям'і. Так было заўсёды, кожны дзень», – распавядала Ядзвіга Пастэрнак часопісу «Дыялог».

У шасцігадовым узросце яна сур'ёзна траўмавала нагу і да 25 гадоў хадзіла на мыліцах, а траўма давала пра сябе ведаць усё жыццё. Аперацыя была платнай (у той час вёска адносілася да тэрыторыі Польшчы), а грошай у шматдзетнай сям'і не было.

З сямі гадоў Ядзвіга на мыліцах разам з бацькамі і аднавяскоўцамі наведвала капліцу ў суседняй вёсцы, куды дабіраліся пешшу. Ядзвіга скончыла шэсць класаў польскай школы. Працягнуць вучобу не змагла – для гэтага трэба было ездзіць у іншую школу, а такой магчымасці не было.

«Бацька быў краўцом, і пасля яго засталася швейная машынка «Зінгер». Паколькі я не магла працаваць нароўні з усімі з-за свайго калецтва, само сабой мне выпала быць краўчыхай. Асабліва я любіла шыць белыя сукенкі дзяўчынкам і нявестам у касцёл і на вяселле», – успамінала пані Ядзвіга.

Пасля ўстанаўлення камуністычнай улады і заканчэння Другой сусветнай вайны вернікі з Муляраў у асноўным пешшу хадзілі ў касцёл у Вішневе, які знаходзіцца на адлегласці 18 кіламетраў ад вёскі:

«Я не плакала, калі да крыві сцірала мыліцамі рукі пад пахамі. Кіламетры дарогі даваліся няпроста, нага потым доўга балела. Аднак колькі духоўнай радасці і сіл давала кожнае наведванне касцёла, асабліва на святы».

Толькі ў 1952 годзе ў Вілейку прыехаў лекар, які змог зрабіць аперацыю на каленным суставе і паставіць Ядзвігу на ногі. Ксёндз Юзаф Кісель з Вішнева даручыў маці Ядзвігі Пастэрнак Юзэфе рыхтаваць мясцовых вясковых дзяцей да Першай Камуніі. Затым, з 1949 года, гэтым стала займацца сама Ядзвіга і пешшу абыходзіла бліжэйшыя вёскі – па 20 кіламетраў у дзень з хворай нагой. Ад рукі перапісвала (як гэта тады часта рабілі кірыліцай на польскай мове) тэксты малітваў і катэхізіс і раздавала дзецям.

Наш канал в Telegram – только важное. Подписаться >

Ядзвіга таксама разам з іншымі вернікамі хадзіла на пахаванні, спявала малітвы, акрапляла магілы асвячонай вадой. Гэта ў савецкі час часта было адзіна магчымай формай хрысціянскага пахавання. Жанчына нікому не адмаўляла і малілася за католікаў і праваслаўных.

«Я проста малілася, – сціпла ўспамінала Ядзвіга Пастэрнак, – хадзіла ў касцёл, шыла дзяўчынам белыя сукенкі да першай споведзі і святой Камуніі і паволі навучала іх хрысціянскай веры, перадаючы ўсё тое, што калісьці атрымала ад бацькоў. Для тых, хто не мог бываць у храме, прыносіла аплаткі, асвячоную ваду і хлеб святой Агаты. Можа быць, прычына ў маёй інваліднасці ў маладыя гады – я ніколі не працавала ў калгасе, прымала заказы, шыла адзенне дома і ўсё жыццё працавала на сябе».

Падчас ганенняў на католікаў у СССР і ў цэлым пераследу хрысціянства, забаронаў на правядзенне набажэнстваў, савецкіх рэпрэсій вернікі збіраліся на малітвы – часта таемна, праводзілі розныя формы набажэнстваў. У сваёй вёсцы Ядзвіга Пастэрнак не проста прымала ў іх удзел, але была іх натхняльнікам і арганізатарам. Жыхары вёскі Муляры сведчаць пра тое, што менавіта Ядзвіга Пастэрнак не дазволіла згаснуць веры нават у самыя цяжкія гады.

Дзяцей у пані Ядзвігі не засталося – яна выйшла замуж толькі ў 58 гадоў. Шлюб яе доўжылася ўсяго 9 гадоў – муж памёр. Нават ва ўзросце 87 гадоў, калі верніца давала інтэрв'ю, яна не патрабавала дапамогі ні ў блізкіх, ні ў дзяржавы, сама з усім спраўлялася і гатовая была дапамагаць усім, хто мае патрэбу ў дапамозе:

«Адчуваю радасць, што магу нешта добрае зрабіць для Касцёла, людзей, і малюся. Кожны дзень адгаворваю 2-3 часткі Ружанца перад адыходам да сну з інтэнцыямі аб Божай Міласэрнасці для блізкіх, для тых, хто просіць аб малітве, абавязкова для ўсіх святароў. Кожны раз дзякую Богу за тое, што з радасцю так доўга жыву на свеце ў добрым здароўі, сярод добрых людзей, што чым магу дапамагаю ксяндзам, суседзям і ўсім, хто да мяне звяртаецца з просьбай. Сабе прашу лёгкай смерці, каб не прынесці нікому клопату, але суадношу гэта жаданне з воляй Божай. Не пачынаю ніякай справы, не папрасіўшы дапамогі ў Бога».

Дарэчы, цяпер праз арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці пасланне і здымак для Папы Францішка перадала моладзь з мінскай архікатэдры.

Last modified onПанядзелак, 03 Ліпень 2023 11:00
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.