Тысяча беларускіх каталікоў адправяцца ў агульнанацыянальную пілігрымку ў Ізраіль
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Царква
- Add new comment
У Назарэце 28 чэрвеня ўрачыста асвяцяць мазаіку Маці Божай Будслаўскай.
Агульнабеларуская пілігрымка з усіх дыяцэзій Беларусі на Святую Зямлю на асвячэнне абраза Маці Божай Будслаўскай запланавана на 28 чэрвеня. У пілігрымку адправяцца ў агульнай колькасці 1000 чалавек, вылет з Мінска адбудзецца ў розныя дні, пачынаючы з 21 чэрвеня. Праграма вылету і знаходжання на Святой Зямлі распрацавана так, каб 28 чэрвеня ўсе сустрэліся разам у Назарэце.
"Для ўсіх нас вельмі важна, каб гэта быў благаслаўлёны час для нашых вернікаў і нашай зямлі, - адзначае Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у звароце да кожнага святара Беларусі з нагоды пілігрымкі. - Скарыстаем жа з гэтага дару ласкі ў нясенні святла і радасці нашай веры, дапаможам нашым парафіянам прыняць удзел у гэтым".
Святая Зямля - гэта зямля, якую сам Бог абяцаў свайму абранаму народу, на якой гадаваў свой народ, як сваіх любімых, але часта непаслухмяных дзяцей; зямля, якую Бог абраў зямным домам для свайго Адзінароднага Сына, зямля, па якой хадзіў Сын Божы, на якой Ён чыніў цуды, аздараўляў людзей, навучаў любові; зямля, якая стала алтаром, на якім здзейсніліся прароцтвы, здзейснілася збаўленне.
Пілігрымка на Святую Зямлю мае назву "Па слядах Езуса", таму што падчас падарожжа ўдзельнікі наведаюць усе найбольш важныя месцы ў жыцці Езуса Хрыста: Бэтлеем, Назарэт, Гару Благаслаўленняў, Кану, Гару Табор, Ерыхон і Ерузалем. Праграма пілігрымкі з'яўляецца свайго роду вандроўкай у часе і на рубяжы эпох, у месцы, вядомыя са Святога Пісання.
Такім чынам пілігрымы правядуць гэтае падарожжа нібыта разам з Езусам, наведваючы месцы, важныя для Яго і для вернікаў. Пілігрымка стане шансам прайсці там, дзе хадзіў Езус, малітвай у рэжыме нон-стоп, жывым Евангеллем. Арганізатары запрашаюць дакрануцца да святыні.
Запісацца ў пілігрымку можна да 25 мая 2014 г., паведамляе Catholic.by, публікуючы праграму і ўмовы паездкі >>>
Related items
- Тым, хто не можа на Радуніцу памянуць блізкіх у храме, прапануюць гэта зрабіць дыстанцыйна і бясплатна
- У Беларусі праходзяць святы Першай Камуніі – як гэта было ў сельскіх храмах
- Як у вёсках праходзяць Маёвыя набажэнствы, паказалі на Гродзеншчыне
- «Сезон пілігрымак» адкрыла паломніцтва з Пінска ў Лагішын
- «Зробім каталіцкае ТБ». Два моцныя YouTube-праекты запусцілі святары і манахіня