Logo
Print this page

Чаму ў Беларусі мала святароў і жадаючых імі стаць – меркаванні вернікаў

Магчыма, біскупам будзе карысна даведацца, што на гэты конт думаюць свецкія.

Наша публікацыя пра крытычны недахоп каталіцкіх святароў у Беларусі і заклік біскупа да спрыяння маладым людзям да паступлення ў семінарыю выклікала дыскусію сярод свецкіх вернікаў.

У сацсетцы многія выказаліся на гэту тэму: чаму ўзнікла «вострае пытанне кадраў» (як акрэсліў праблему арцыбіскуп Юзаф Станеўскі), па якой прычыне мала жадаючых паступаць у семінарыю, і чаму нярэдка здараюцца выпадкі сыходу са святарства?

У гэтым, на думку вернікаў, ёсць віна і біскупаў, і свецкіх. Яны патлумачылі сваё меркаванне і выказалі прапановы: што зрабіць, каб пераадолець крызіс.

У кантэксце абвешчанай у Касцёле «сінадальнасці» прыводзім найбольш змястоўныя цытаты з дыскусіі і просім тых, хто мае такую магчымасць, данесці пазіцыю вернікаў да біскупаў – магчыма, гэта будзе ім карысна.

«Прафесія павінна гарантаваць высокі ўзровень самарэалізацыі»

«Мы хочам, каб гэта былі людзі, якія не на сметніку пабіраюцца ў пошуках ежы ці цэглы, а каб гэта былі людзі забяспечаныя і рэалізаваныя, каб у іх былі сілы і імпэт клапаціцца ў тым ліку пра вернікаў. Груба кажучы, яны павінны быць на верхніх прыступках піраміды Маслоу, мець заспакоеныя базавыя патрэбы ў ежы, цеплыні, прыняцці, прыналежнасці, самарэалізацыі.

Калі Касцёл пакажа, што ў будучага святара такія магчымасці будуць, канешне, будзе больш кандыдатаў.

Бо ісці ў святары, каб мець машыну і бабкіны закаткі, сёння няма неабходнасці. Прафесія павінна гарантаваць высокі ўзровень гэтай самарэалізацыі».

«Бачыў святароў, што тры касцёлы пабудуюць, восем адрамантуюць, дзесяць арганізуюць — і толькі пра адно іхні клопат: пра цэглу ды пра святы бетоній. Гэта і ёсць тое жыццё, на якое юнакі павінны згаджацца? Думаю, не. Прараб жыве на парадак лепш.

Бачыў таксама такіх, каму, каб легчы сёння спаць, трэба было загадзя вярнуцца дадому і дзве-тры гадзіны тапіць каталіцкімі часопісамі печку-душагубку, каб адначасова не замерзнуць, але разам з тым і ўгарным газам не задушыцца. Як хата прагрэецца – можна спаць. Назаўтра паўтарыць. І так кожны дзень. Біскупу, калі пасылаў туды жыць, да аднаго месца было, дзе ягоны ксёндз і як будзе начаваць. Гэта вось пра такія пакліканні мы павінны маліцца?»

«Чаму ў манаскіх ордэнах беларускія пакліканні ёсць, а ў дыяцэзіях няма? Або, скажам, чаму ў Гродзенскай і Віцебскай дыяцэзіях ёсць, а ў Пінскай і Мінска-Магілёўскай няма? Магчыма, трэба падысці да пытання навукова: знайсці месцы, дзе пакліканні ёсць, і паспрабаваць вызначыць галоўныя напрамкі, што там ёсць і чаго тут няма, а не проста пажаданні адвагі і Божай дапамогі».

«Раней былі сытыя часы і многа святароў, а цяпер сталі галодныя і святароў стала мала. Зразумела, што частку выслалі – але які гэта працэнт ад сумарных страт? І за кошт чаго асноўныя страты? І чым абумоўлены тыя страты, якіх найбольш? Скажу зусім прама і нахабна: ці быў біскуп айцом сваім святарам, калі іх было шмат і калі ўсё было добра?»

«Каб былі пакліканні, Касцёл мусіць даваць выразнае разуменне таго, навошта да яго ісці, у тым ліку, у святары? Не імкнуцца нікога не зачапіць і ўсім падабацца, а цвёрда сведчыць Ісціну, не зважаючы на ваганні свету. Вось тады будуць і вернікі, і годныя святары».

Таксама вернікі адзначылі дзеянні біскупаў па некаторых абмежаваннях святароў у правах, напрыклад, у выказваннях у інтэрнэце, што таксама негатыўна адбіваецца на жаданні служыць святаром.

«Цынічныя дыялогі і кпіны абясцэньваюць вобраз святара ці манахіні»

«Пазбяганне зубаскальства, цынізму і абразлівай крытыкі духавенства ў прысутнасці дзяцей можа станоўча паўплываць на сітуацыю з пакліканнямі і патэнцыйна зменшыць недахоп святароў і манахаў. Сям'я з'яўляецца асноўным месцам, дзе фарміруецца светапогляд дзіцяці і яго стаўленне да каталіцтва.

Дзеці падсвядома капіруюць рэакцыі, словы і ацэнкі сваіх тат і матуль.

Калі ў доме пануе павага да касцёльных слугаў, дзіця пачынае ўспрымаць іх служэнне як нешта годнае і каштоўнае. Цынічныя дыялогі і кпіны абясцэньваюць вобраз святара ці манахіні, робяць іх аб'ектамі перманентнай абразлівай крытыкі, а не пераймання.

Такім чынам падлетак, які адчувае ў сабе прагу да духоўнага жыцця, можа прыглушыць яе, баючыся стаць аб'ектам такіх жа кпінаў з боку ўласнай сям'і. Абразлівая крытыка зачыняе для дзіцяці магчымасць шукаць душпастырскай падтрымкі альбо парады ў святароў».

«Калі дзеці бачаць, што тата і мама кожны вечар шчыра просяць Пана Бога аб святарска-манаскіх пакліканнях, яны прынамсі разумеюць тое, што святарства і манаства — нешта надзвычай каштоўнае і важнае для іх бацькоў. Гэта стварае псіхалагічны і духоўны камфорт для дзіцяці, калі яно само адчуе такі заклік. Супольная малітва аўтаматычна выключае тое самае «зубаскальства» і абразлівую крытыку духавенства.

Немагчыма шчыра прасіць Бога аб святарах і адначасова зневажаць іх у штодзённым жыцці.

Вельмі часта маладыя людзі баяцца ісці ў семінарыю, бо баяцца роспачы ці непаразумення з боку бацькоў (якія, напрыклад, хочуць унукаў). Малітва рыхтуе сэрцы саміх таты і матулі аддаць сваё дзіця на служэнне Богу».

Адзначым, што «крызіс пакліканняў» перажываюць таксама і іншыя краіны. Значна скарацілася колькасць тых, хто паступае ў семінарыі, у суседніх Польшчы, Літве, Расіі. Аднак ёсць меркаванне, што не агульная тэндэнцыя, а менавіта мясцовыя асаблівасці аказваюць найбольшы ўплыў на стан рэчаў.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onЧацвер, 11 Чэрвень 2026 15:53
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.