Logo
Print this page

Каталіцкі і праваслаўны біскупы разам павіншавалі дзяцей-інвалідаў [фота, відэа]

На свята ў дзіцячую вёску для сірот-інвалідаў ўпершыню прыехалі такія высокія госці: каталіцкі біскуп Казімір Велікаселец і праваслаўны Уладыка Стэфан. Святочную праграму для дзяцей, персаналу хоспіса і гасцей падрыхтавалі валанцёры Гомельскага машынабудаўнічага каледжа.

Таленавітая моладзь у яркіх касцюмах выдатна павесяліла конкурсамі, песнямі і жартамі. Праграма была спецыяльна адаптаваная для дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Самі выхаванцы хоспіса таксама спявалі, танчылі і чыталі вершы.

Дзівосна, што за мінулы год многія дзеці сур'ёзна прасунуліся ў сваім развіцці. Тыя, што яшчэ ў мінулым годзе толькі плакалі і не маглі абсалютна нічога рабіць, зараз выступалі перад гасцямі як артысты!

Вельмі радуе і тое, што хоспіс стаў кропкай судакранання і супрацоўніцтва каталіцкай і праваслаўнай Цэркваў. У сваіх віншаваннях абодва іерарха нагадалі пра галоўную падзею, што адзначаецца ў гэтыя дні, - Раство Хрыстовае. Уладыка Стэфан заклікаў вучыцца любові, якую прынесла Дзіця, а біскуп Казімір разам з усімі памаліўся.

Прадстаўнікі арганізацыі прафсаюзаў падарылі хоспісу мікрафоны для яшчэ лепшага правядзення святаў, а таксама квіткі ў цырк на навагодняе прадстаўленне. Банк «Масква-Мінск» прэзентаваў тэнісны стол. Атрымалі дзеці падарункі і ад Міністэрства па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва, а таксама студэнтаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта транспарту.

Нагадаем, унікальная для Беларусі дзіцячая вёска (афіцыйная назва - Гомельскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця) была пабудавана Дабрачыннай каталіцкай місіяй «Карытас-Міласэрнасць». Хоспіс узводзіўся на грошы замежных дабрачынных арганізацый і вернікаў-каталікоў з Германіі, Аўстрыі, Італіі і іншых еўрапейскіх дзяржаў. Вёска разлічана на пражыванне ў ёй 60 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўмовах, максімальна набліжаных да сямейных. У такім асяроддзі, а таксама дзякуючы пастаянным дыдактычным і рэабілітацыйным заняткам, магчыма максімальна поўнае развіццё асобы. Чатыры асобных груп-сем'яў ўключаюць па 15 чалавек. Звяном, якое злучае такую групу-сям'ю, з'яўляецца сястра-законніца Ордэна бенедыктынак-Самарыцянак Крыжа Хрыстова, яна разам з дапаможным персаналам клапоціцца аб належным клімаце выхавання і апекуе жыццё дзяцей. Дзейнасць хоспіса арганізавана пры падтрымцы абласнога камітэта па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва.

 

 

Media

Last modified onЧацвер, 27 Снежань 2012 23:02
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.