Для жабракоў і бяздомных у Гомелі зладзілі Велікодны абед - ФОТА
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Навіны - Гомель
- Comments (1)
У каталіцкі Дом міласэрнасці прыйшлі больш за 80 гасцей, усе атрымалі багатыя пачастункі і ўбачылі спектакль пра любоў і свабоду.
14 красавіка ў гомельскім каталіцкім Доме міласэрнасці сёстры ордэна Місіянерак Любові (сястры Маці Тэрэзы) зладзілі святочны Велікодны абед для мясцовых жабракоў і бяздомных. Сёстры амаль штодня кормяць бедных, а вялікія святочныя абеды традыцыйна ладзяць на Каляды і Вялікдзень у той час, калі гэтыя святы адзначаюць праваслаўныя, якіх у Гомелі большасць.
На абедзе сабраліся больш за 80 чалавек, але некаторых п'яных сёстры не прапусцілі, праверыўшы іх на алкатэстэры - такое правіла ў Доме міласэрнасці. Дапамагалі сёстрам парафіяне касцёла, а веруючая моладзь падрыхтавала і паказала спектакль пра любоў і свабоду.
Перад абедам для жабракоў прачыталі Евангелле і праспявалі Велікодную песню, а потым раздалі багатыя пачастункі: курыцу, салату, бульбу, садавіну, сок, салодкае і, вядома, Велікодныя яйкі.
Нагадаем, адзіныя ў Беларусі прадстаўнікі ордэна Маці Тэрэзы служаць у Гомелі. Сёстры з розных краін утрымліваюць Дом міласэрнасці, у якім дапамагаюць бедным і бяздомным ужо больш за 20 год і займаюцца многімі справамі, за якія мала хто хацеў брацца. Дом Міласэрнасці служыць прытулкам для некалькіх хворых мужчын і жанчын, якія апынуліся на вуліцы без сродкаў да існавання. Сёстры даглядаюць за імі, лечаць, дапамагаюць кінуць піць, аднавіць дакументы і ўладкавацца на працу. Місіянеркі рыхтуюць абед для бяздомных, раздаюць прадукты і адзенне для бедных сем'яў і адзінокіх старых, працуюць з дзецьмі з малазабяспечаных і праблемных сем'яў. Парафіяне касцёла дапамагаюць у Доме міласэрнасці карміць жабракоў, прыходзячы на працу ў сталовую. Дапамагчы можа кожны: напрыклад, раздаць ежу, памыць посуд, прынесці вопратку ці абутак.
Related items
- Дыскатэкай на ўсю вуліцу адзначаюць на Гродзеншчыне... Першую Камунію ў дзяцей
- Старадаўняя капліца згарэла на могілках у Смаргоні
- Тым, хто не можа на Радуніцу памянуць блізкіх у храме, прапануюць гэта зрабіць дыстанцыйна і бясплатна
- У Беларусі праходзяць святы Першай Камуніі – як гэта было ў сельскіх храмах
- Як у вёсках праходзяць Маёвыя набажэнствы, паказалі на Гродзеншчыне