Logo
Print this page

Гомель прымаў рэліквіі Святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса - малітва доўжылася ўсю ноч [фота]

Святая Тэрэза з Лізьё вучыла: усё, што робіш, рабі з любоўю.

Гомельская рыма-каталіцкая парафія прымала рэліквіі святой Тэрэзы з французскага горада Лізьё (Святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса) 15-16 жніўня. Нагадаем, рэлікварый з мошчамі святой Тэрэзы пабываў ужо ў 76 краінах і цяпер падарожнічае па Беларусі. Гомельскія вернікі таксама маглі памаліцца ля рэліквіі і звярнуцца з просьбамі да святой Тэрэзы.

Рэліквіі Святой Тэрэзы з Лізьё прывезлі ў Гомель браты кармэліты, разам з вернікамі гасцей сустракалі парафіяльныя скаўты, пробашч парафіі Нараджэння Божай Маці айцец Славамір Ласкоўскі і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі айцец Казімір Велікаселец.

- Менавіта для таго, каб наша вера была жывой, як святло, як соль - сёння паміж намі святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса. Каб мы мелі надзею на Бога так, як спадзявалася на Яго святая Тэрэза, - наказваў айцец Славамір. - Спадзяюся, што святая Тэрэза вымаліць для кожнага з нас усю ласку, якая неабходна для таго, каб сапраўды быць дзецьмі Бога, як яна.

- Мы молімся да святой Тэрэзы, каб яна ўпрасіла для нас у Бога глыбокую веру, каб мы ўсведамлялі, што ёсць Творца, які стварыў гэты свет, - падкрэсліў біскуп Казімір.

Святая Тэрэза з Лізьё вучыла: усё, што робіш, рабі з любоўю - Богу не патрэбныя нашы ўчынкі, а патрэбна толькі любоў, гэта і ёсць просты шлях да святасці.

Падчас знаходжання рэліквій у касцёле правялі Святыя Імшы, Венчык Божай Міласэрнасці, Сузіранне Святых Дароў, Ранішнія і Вячэрнія хвалы, усяночнае чуванне.

Таксама 15 жніўня рэліквіі прымалі ў Рэчыцы, напярэдадні часціцы Святой Тэрэзы з Лізьё даставілі ў Лельчыцы і Мазыр, а 16 жніўня - у Светлагорск і Жлобін.

Святая Тэрэза належала да жаночага ордэна кармелітаў, пражыла ўсяго 24 гады і ўвесь свой духоўны досвед апісала у дзённіку "Гісторыя адной душы", стаўшы прыкладам самаадданага служэння Богу для ўсіх каталікоў свету. Праз год пасля смерці Тэрэзы ігумення кляштара выпусціла яе кнігу, якая стала вельмі папулярнай. Дзякуючы гэтай працы сястра-законніца была кананізаваная і абвешчаная Настаўнікам Царквы.

Last modified onПятніца, 16 Жнівень 2013 10:37
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.