Як будзе выглядаць новы касцёл у Гомелі - ФОТА
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Навіны - Гомель
- Add new comment
Плануецца, што храм будзе пабудаваны ў стылі неаготыкі са званіцамі вышынёй 30 метраў.
Эскіз новага каталіцкага храма ў Гомелі, які плануецца пабудаваць на скрыжаванні вуліцы Аб'язной і праспекта Рэчыцкага, прадаставіў вядомы архітэктар з Баранавічаў Баляслаў Тумашчык, пры ўдзеле якога распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя аб'екта. Нагадаем, зараз працягваецца афармленне ўчастка пад новы касцёл адроджанай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Праект яшчэ дапрацоўваецца, але ўжо вядома, што храм будзе мець крыжападобную форму і будзе пабудаваны ў стылі неаготыкі. Галоўны ўваход у храм - з боку праспекта Рэчыцкага. Асноўны будынак - аднапавярховы з залай на 200 пасадачных месцаў, з прыбудаванай апсідай і балконам для размяшчэння аргана. Прадугледжваецца правядзенне арганных канцэртаў.
У будынку таксама плануецца размясціць жылыя пакоі для пражывання святароў, навучальныя класы, пакой для бацькоў з дзецьмі, якія наведваюць службу. Вышыня асноўнага будынка складзе амаль 18 метраў, а дзве званіцы, размешчаныя паабапал ад галоўнага ўваходу, дасягнуць вышыні прыкладна 30 метраў (параўнальна з вышынёй 9-павярховага дома). Плануецца, што сцены будуць пабудаваны з чырвонай клінкернай цэглы, аконныя праёмы ўпрыгожаць вітражы.
Нагадаем, пакуль у Гомелі дзейнічае толькі адзін каталіцкі храм, адкрыты ў 2000-м годзе (фота). Да гэтага на працягу 60 гадоў у рэгіёне не было ніводнага касцёла - у 1940-м годзе бальшавікі ўзарвалі старадаўні храм Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, які знаходзіўся ў раёне цяперашняй плошчы Леніна (фота).
Related items
- Фэст у лясной капліцы з незвычайнай гісторыяй святкавалі капуцыны і пілігрымы
- «Бог даў нам адсутнасць паветранай трывогі». Пра Дзень дзіцяці ў Жытоміры распавёў біскуп
- І ў горадзе, і ў вёсцы: фестываль арганнай музыкі пройдзе ў касцёлах Беларусі
- Такі падарунак – толькі ад байкераў. Мотасезон яны адкрылі ў касцёле
- Пад'ём у 3:30, маўчанне і ніякіх гаджэтаў. Адзіны ў свеце беларус камельдул наведаў родны горад