Logo
Print this page

У Дзіцячай вёсцы сіротам-інвалідам зладзілі свята ў гонар Анёлаў-Ахоўнікаў [фота, відэа]

Упершыню ў інтэрнаце прайшла Літургія, а сёстры-законніцы спяклі для салодкага стала пірагі і кексы, пачаставаўшы святароў і дзяцей.

У Гомельскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця 21 лістапада прайшло свята ў гонар Анёлаў-ахоўнікаў. Упершыню ў інтэрнаце адбылася праваслаўная Літургія, святар прычасціў дзяцей, а тыя выступілі з канцэртам. Дзеці-інваліды чыталі вершы, спявалі, танчылі, паказвалі пантамімы. Завяршылася свята салодкім сталом, які падрыхтавалі каталіцкія законніцы-бенедыктынкі.

- Настолькі любіць нас Гасподзь, што даў кожнаму чалавеку Анёла-ахоўніка. Але і мы самі часта становімся анёлам-ахоўнікам для іншых, да прыкладу, для гэтых дзяцей. Дзякуем Богу за Ягоную любоў і будзем выконваць Ягоную запаведзь - быць святлом для свету, асвятляць тых, хто знаходзіцца побач з намі, - заклікаў іерэй Свята-Траецкага храма айцец Мікалай Кадацкі.

Роўна год таму праваслаўныя і каталікі пачалі сумеснае служэнне ў Дзіцячай вёсцы, пабудаванай каталіцкай дабрачыннай місіяй «Карытас - Міласэрнасць».

Нагадаем, унікальная для Беларусі дзіцячая вёска была ўрачыста адкрыта 12 кастрычніка 2011 года. Хоспіс пабудаваны на грошы замежных дабрачынных арганізацый і вернікаў-каталікоў з Германіі, Аўстрыі, Італіі і іншых еўрапейскіх дзяржаў.

Вёска разлічана на пражыванне ў ёй 60 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўмовах, максімальна набліжаных да сямейных. У такім асяроддзі, а таксама дзякуючы пастаянным дыдактычным і рэабілітацыйным заняткам, магчыма максімальна поўнае развіццё асобы. Пяць асобных груп-сем'яў ўключаюць максімум 12 чалавек. Звяном, якое злучае такую групу-сям'ю, з'яўляецца сястра-законніца Ордэна бенедыктынак-Самарыцянак Крыжа Хрыстова, яна разам з дапаможным персаналам клапоціцца аб належным клімаце выхавання і апекуе жыццё дзяцей. Дзейнасць хоспіса арганізавана пры падтрымцы абласнога камітэта па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва.

Media

Last modified onЧацвер, 21 Лістапад 2013 22:06
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.