Logo
Print this page

У гомельскім касцёле - новы святар, ураджэнец Гродзеншчыны

Кс. Павел Мазан быў пасвечаны месяц таму ў Пінску.

У гомельскую рымска-каталіцкую парафію Нараджэння Божай Маці прыбыў новы святар - 28-гадовы ксёндз Павел Мазан. Ён будзе служыць у касцёле вікарыем. Новапрэзбітэр быў пасвечаны крыху больш за месяц таму, 2 чэрвеня 2018 года. Нагадаем, біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка высвеціў яго ў Пінскім катэдральным касцёле.

Кс. Павел - з горада Масты Гродзенскай вобласці. Яго родная парафія - Маці Божай Тройчы Цудоўнай. Спачатку малады чалавек навучаўся ў семінарыі ў Гродне, затым, пасля перапынку, у польскім Вроцлаве, і там сёлета скончыў навучанне.

Прыміцыйная святая Імша кс. Паўла ў Гомелі з індывідуальным благаслаўленнем праз ускладанне рук адбудзецца 15 ліпеня на першай нядзельнай Імшы (9.00).

Такім чынам, пакуль у Гомелі будуць служыць трое святароў: пробашч Юры Варанко і вікарыі Андрэй Багдановіч і Павел Мазан. Усе трое - беларусы.

Last modified onАўторак, 10 Ліпень 2018 13:01
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.