Logo
Print this page

«Сэрца разрываецца ад болю». Гомельскі касцёл запрашае на міжканфесійную малітву

Вернікі будуць маліцца аб спыненні гвалту, за ахвяраў і іх сем'і

13 жніўня ў 19.00 у гомельскім касцёле Нараджэння Божай Маці адбудзецца адмысловая малітва, на якую запрошаныя не толькі католікі, але і хрысціяне іншых канфесій, прадстаўнікі ўсіх веравызнанняў, людзі добрай волі.

Вернікі будуць маліцца аб супакоі і згозде ў Беларусі, аб спыненні неапраўданага гвалту, жорсткіх збіванняў і бесчалавечных катаванняў, правакацый, за сем'і, якія не могуць даведацца, дзе знаходзяцца іх блізкія, за нявінна арыштаваных, за параненых і пакалечаных, за загінулых і іх сем’і.

- Дарагія браты і сёстры. Усе ведаюць, што зараз адбываецца ў нашай Радзіме, і ніхто не застаецца абыякавым, гледзячы на ўсё гэта. Сэрца разрываецца ад болю і, як здаецца, ад бездапаможнасці. Што я магу зрабіць? Я не магу сядзець склаўшы рукі! - звяртаецца пробашч парафіі кс. Юры Варанко.

Ён адзначае, што для веруючага чалавека ёсць адказ - малітва. Гэта самая моцная зброя, якая можа здавацца ціхім шэптам у аглушальным моры нянавісці, але няма больш дзейснага сродка:

- Бо мы прыходзім са сваёй бездапаможнасцю да Усемагутнага Бога. Перад абліччам супольный бяды мы заўсёды аб’ядноўваемся. Так лягчэй перажываць боль і лягчэй мець надзею. Таму запрашаю на сённяшнюю малітву ў касцёл усіх неабыякавых, веравызнанне не мае значэння, мы будзем маліцца Адзінаму Богу! Таксама ў касцёле запланавана начное чуванне перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Пачатак - у пятніцу, 14 жніўня, у 21.30.

Last modified onПанядзелак, 17 Жнівень 2020 11:21
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.