Logo
Print this page

"Мы як салдаты". Біскуп Казімір Велікаселец развітаўся з Гомелем, каб адправіцца служыць у Мінск

Таксама гомельцы праводзілі сястру Малгажату, настаяцельніцу супольнасці Маці Тэрэзы

10 студзеня, калі ў Каталіцкай царкве адзначаюць свята Хросту Пана, у гомельскім касцёле ўрачыста праводзілі біскупа Казіміра Велікасельца. Нагадаем, доўгі час ён быў дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі, жыў у Гомелі, адраджаў тут парафію, будаваў храм, а цяпер павінен з'ехаць у Мінск, каб служыць Апостальскім адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі - па рашэнню Папы Рымскага Францішка.

У сваёй развітальнай прамове біскуп Казімір адзначыў, што святары - як салдаты:

- Як нас вучылі ў савецкім войску: загады не абмяркоўваюць, а выконваюць... Я не чакаў, што з майго ўжо роднага Гомеля давядзецца пераходзіць на іншую службу, больш адказную. Спадзяюся, вы будзеце памятаць мяне ў малітвах, умацоўваць мяне. А далей будзе відаць, як пойдзе гэтая служба.

Іерарх падзякаваў гамельчукам за тое, што прыходзяць у храм, моляцца, адраджаюць парафію, бо «наша радасць - гэта жыць з Панам Богам».

Таксама гомельскія католікі развіталіся з сястрой Малгажатай, былой настаяцельніцай мясцовай супольнасці Місіянерак міласэрнасці - сясцёр Маці Тэрэзы. Яна з'язджае служыць у Маскву. Гамельчукі падзякавалі абодвум на плённае служэнне ў горадзе, пажадалі Божага дабраславення на далейшую службу і падарылі памятныя падарункі. Дзеці выканалі для сястры Малгажаты песню.

Фота: кс. Юры Варанко і Юры Богдан

Media

Last modified onНядзеля, 24 Студзень 2021 19:44
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.