BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды
Print this page

Як дзякаваць Богу за здароўе і за хваробы?

«Нядаўна мая знаёмая даслала паведамленне: айцец, у мяне рак, маліцеся, каб я выканала Божую волю».

Тэме падзякі Богу ў хрысціянскім вучэнні адводзіцца асаблівае месца. Бясспрэчна, вельмі важна быць удзячным, асабліва Богу, прычым за ўсё, што адбываецца ў жыцці. Як гэта рабіць, распавядае пробашч гомельскай парафіі Нараджэння Божай Маці айцец Славамір Ласкоўскі.

Вядома, Госпаду лёгка дзякаваць за ўсё добрае. За здароўе, за дабрабыт, за прыгожую дзяўчыну ці добрага хлопца, за ўдалую здзелку ў бізнэсе. Але хрысціянін разумее, што ўсё гэта Бог дае чалавеку для таго каб ён служыў Яму і людзям. Таму хрысціянін дзякуе Богу за здароўе не проста таму, што яно ёсць, а за тое, што Гасподзь дае гэтыя выгоды для служэння. І заўтра, калі чалавека саб'е машына, і ён апынецца ў інвалідным крэсле, ён будзе сапраўды гэтак жа дзякаваць Госпаду.

Браты, усё, што адбываецца з намі, у тым ліку, і хваробы, і пакуты - гэта частка нашай гісторыі збаўлення, якую творыць з намі Бог. Жыццё хрысціяніна немагчымае без крыжа, значыць, немагчымае без пакут. Як кажа Апостал Павел, з Хрыстом паміраю, але з Хрыстом і ажыву.

Нядаўна мая знаёмая даслала мне паведамленне: айцец, у мяне рак, маліцеся, каб я выканала Божую волю. Яшчэ ўчора ў яе было ўсё добра, усё вяло да жыцця, а цяпер у корані змянілася і вядзе да смерці. І за гэта дзякуем Госпаду. Бо хтосьці спрабуе сам быць Богам у сваім жыцці. Але мы бачым, што мала што можам змяніць у ім.

Вядома, хтосьці скажа мне: вы б пажылі з маёй жонкай, якая мяне пастаянна пілуе, тады не казалі б, што трэба дзякаваць Богу за яе. Ці за мужа-п'яніцу, або за хворага дзіцяці. Але ж Гасподзь дае нам не толькі здаровых, а і хворых дзяцей. І за гэта Яму таксама дзякуем.

Як і за няўдачы, праблемы, прыніжэнні. Гасподзь дапускае ў нашым жыцці непрыемныя сітуацыі, часам мы нават падаем тварам у бруд, каб не забывалі, хто мы ёсць на самой справе, жылі ў праўдзе. Бо гэта так неабходна для нашага выратавання.

Але быць удзячным Богу за усё немагчыма без Святога Духа. Таму пастаянна прасіце Госпада, каб пасылаў вам Духа Святога.

Last modified onАўторак, 15 Кастрычнік 2013 12:33