Logo
Print this page

Як ставіцца Царква да пластычных аперацый?

У якім выпадку сіліконавыя грудзі - гэта карысць, а ў якім - шкода? Чаму людзі хочуць змяніць сваю знешнасць?

Разнастайныя пластычныя аперацыі становяцца ўсё больш папулярнымі ў свеце, у тым ліку ў Беларусі. Пра тое, як каталіцкая Царква ставіцца да хірургічнай змены знешнасці, распавядае вандроўны святар з Польшчы, айцец Кшыштаф Запала.

- Калі аперацыя не шкодзіць здароўю - якое з'яўляецца Божым дарам, то гэта не грэх. Непрыняцце сябе, жаданне змяніць сваё цела - гэта не грэх, а ўнутраная праблема чалавека. Не заўсёды змены цела ідуць на карысць чалавеку. Бог стварыў яго такім, які ён ёсць, і Царква кажа пра тое, што трэба прымаць сябе.

Царква не выступае супраць таго, каб людзі мянялі сабе форму вушэй, носа або падцягвалі скуру, зноў жа, калі гэта не адаб'ецца на здароўі. Але часта такія аперацыі не здымаюць праблему. Асабліва, калі чалавек у сваім жыцці абапіраецца на сваё цела, лічыць, што яго прыгажосць - вышэй за ўсё. Але ж цела не вечнае, яно хутка старэе. Так, у апошні дзень Гасподзь уваскрэсіць нашы целы, але на першае месца трэба ставіць не цела, а душу. Важна, кім чалавек з'яўляецца, хто ён, якія яго каштоўнасці, якая яго духоўнасць. Неабходна ў першую чаргу развіваць сваю духоўнасць праз веру з дапамогай малітвы і Слова Божага.

Сёння свет прапануе прымаць толькі тых, хто прыгожы, пры гэтым, навязвае нам стандарты, нормы прыгажосці. А на самай справе кожны чалавек прыгожы. І таму важна прымаць сябе.

Калі галоўнае - гэта прыгажосць цела, чаму так шмат разводаў сярод прыгожых маладых сужэнцаў? Чаму прыгожыя багатыя людзі здзяйсняюць самагубствы? Таму што адно толькі цела не насычае, не прыносіць шчасця. Як казаў святы Ян Павел II: быць, а не мець.

Прывядзём таксама вытрымку з папулярнай кнігі вядомага каталіцкага святара Ксаверыя Кнотца «Секс. Невядомае аб вядомым», у якім ён у тым ліку разважае аб пластычных аперацыях.

«Адной з найбольш папулярных працэдур, якія даюць надзею ў самыя кароткія тэрміны вярнуць прыгожую постаць, з'яўляецца ліпасакцыя - выдаленне тлушчавых адкладаў. Насуперак бачнасці, гэта вельмі небяспечная аперацыя, якая можа прывесці, у тым ліку, да смяротнага зыходу. Ін'екцыі ботакса, што разгладжваюць маршчыны, выглядаюць нявіннай працэдурай. Аднак ботакс - гэта яд, моцны таксін, які можа справакаваць незваротны параліч цягліц.

У традыцыйным разуменні, клопат пра цела - гэта клопат пра тое, як яно выглядае: пра адпаведную дыету, модную вопратку, вытанчаны макіяж, прыгожую прычоску, біжутэрыю. Усе гэтыя спосабы з'яўляюцца разумным клопатам пра прыгажосць цела.

Каталіцкая мараль дапускае таксама хірургічнае ўмяшанне ў цела чалавека для выпраўлення яго паталагічных і дэфармаваных частак, улічваючы, што такія дэфармацыі могуць негатыўна ўплываць на развіццё чалавека або перашкаджаць яго ўдзелу ў грамадскім жыцці.

Мадыфікацыю цела не варта блытаць з лячэннем. Мадыфікацыя ставіць мэтай мадэляванне здаровага цела, а лячэнне - вяртанне страчанага па якой-небудзь прычыне здароўя. Таму мы захапляемся і вітаем магчымыя ўжо сёння аперацыі пластычнай хірургіі, такія як рэгенерацыя языка з дапамогай цягліц сцягна, аднаўленне ніжняй сківіцы з выкарыстаннем галёначнай косці. Стварэнне сіліконавых штучных грудзей для жанчын, якія страцілі грудзі, - неад'емны элемент вяртання ім здароўя. А павелічэнне здаровых жаночых грудзей - гэта мадыфікацыя, якая не мае нічога агульнага з лячэннем».

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.