Гомельскія скаўты правялі ў лесе свой першы самастойны «летнік» [фотагалерэя]
- Written by gomel.catholic.by
- Published in Скаўты - Гомель
- Comments (2)
Ужо праз тыдзень хлопцы і дзяўчаты адправяцца ў пешую пілігрымку ў Будслаў на святкаванне 400-годдзя прабывання абраза Маці Божай.
У Гомельскім раёне скаўцкая дружына імя палескага святога Андрэя Баболі правяла свой першы самастойны «летнік». Раней гомельцы ўжо ўдзельнічалі ў гэтай скаўцкай «падзеі года», але далучаліся да хлопцаў з іншых рэгіёнаў. У гэты раз «летнік» цалкам арганізавалі самі.
Хлопцы, дзяўчаты і дарослыя скаўты жылі ў лесе, дзе на маляўнічым беразе Сожа разбілі лагер і вучыліся знаходзіцца ў натуральных умовах. Вядома, дзеці мелі стасункі, гулялі і ладзілі святыя Імшы прама на прыродзе. Каб духоўна падтрымліваць рабят на «летніку», разам з імі ў лесе жыў вікарый гомельскай рыма-каталіцкай парафіі айцец Дамінік.
Хлопцы і дзяўчаты самі рыхтавалі сабе ежу і будавалі месцы для начлегу з падручных матэрыялаў, мылі сваю вопратку. Скаўты купаліся, рыбачылі, гулялі ў «Вялікую скаўцкую гульню», правялі ўласную спартакіяду і перажылі шмат прыгод. А кожную раніцу пачыналі шыхтаваннем пад гук рогу і гімнам-малітвай з просьбай да Госпада асвяціць ўсе справы, запланаваныя на дзень. На «Летніку» ў скаўты ўступілі пяцёра новых хлопцаў.
Многія з адпачываючых падыходзілі да хлопцаў, каб пацікавіцца іх «летнікам», некаторыя нават пыталіся, як уступіць у скаўты. У лес на Эўхарыстыю прыйшоў жыхар Старых Дзятлавічаў, адзіны ў сваёй вёсцы каталік. Дзякуючы «летніку» ён змог прыняць святую Камунію, таму што прыязджаць на Імшу ў гомельскі касцёл часта не мае магчымасці.
Ужо праз тыдзень гомельскія скаўты амаль у поўным складзе сустрэнуцца зноў, каб адправіцца ў пешую пілігрымку ў Будслаў, дзе адбудзецца святкаванне 400-годдзя прабывання абраза Маці Божай.
Related items
-
Навагодні фільм падрыхтавала «Радыё Марыя». Тое, якім ён атрымаўся, «сведчыць пра ўсіх нас»
-
Не ўсім католікам Беларусі дазволілі не трымацца посту 2 студзеня. Хто не вызвалены ад абавязку?
-
«Дакладна ведаю, што яна пойдзе на Неба». Пробашч напісаў пра памерлую парафіянку так, як ніхто не пісаў
-
Першы ў Беларусі святар з Індыі пачаў служыць у Брэсцкай вобласці
-
Топ-7 фота і відэа: католікі Беларусі святкуюць Божае Нараджэнне